У Віцебску з 28 па 30 студзеня пройдзе XXX Міжнародны турнір па вольнай барацьбе памяці капітана III рангу А.М.Іспянкова і загінулых членаў экіпажа атамнай падводнай лодкі «Камсамолец», паведаміў галоўны суддзя спаборніцтваў Анатоль Каваленка.
Сёлета колькасць удзельнікаў з-за пандэміі зменшылася ў параўнанні з мінулымі турнірамі: усяго ў Віцебск прыедуць каля 150 спартсменаў. Юнакі і дзяўчаты 2005-2008 гадоў нараджэння прыбудуць з розных гарадоў Беларусі і Расіі. Плануецца прыезд і вольнікаў з Ізраіля.
Урачыстае адкрыццё турніру адбудзецца 28 студзеня ў 18.00. У гэты ж дзень крыху раней пройдуць спаборніцтвы сярод юнакоў. Яны працягнуць барацьбу за прызавыя месцы 29 студзеня з 10.00, а пасля абеду на дыван выйдуць дзяўчаты. Прадстаўніцы прыгожай паловы завершаць спаборніцтвы ў нядзелю. Пахварэць за іх можна будзе з 10.30. Ацэньваць спаборніцтвы будуць суддзі міжнароднага рангу, у тым ліку суддзя экстракласа з Мінска.
Акрамя спартыўных спаборніцтваў дзяцей чакае экскурсія ў музей марской славы, створаны ў віцебскай сярэдняй школе № 8 у памяць аб капітане III рангу А.М.Іспянкове і загінуўшых членаў экіпажа атамнай падводнай лодкі «Камсамолец». Там гасцям абласнога цэнтра раскажуць, як 33 гады таму затанула судна. Трагедыя, якая адбылася ў Нарвежскім моры 7 красавіка 1989 года, забрала жыцці 42 чалавек. Выжылі з 69 членаў экіпажа толькі 27 падводнікаў. Ушанаваць памяць загінуўшых прыедуць не толькі спартсмены, але і маракі.
Што тычыцца турніру, то, як адзначыў галоўны суддзя, для многіх змагароў ён з’яўляецца першым крокам на шляху да спартыўнай славы. Віцябляне, якія пачыналі тут сваю кар’еру ў вольнай барацьбе, становяцца прызёрамі чэмпіянатаў Еўропы і свету. Некаторыя з іх затым прыязджаюць на турнір ужо ў якасці суддзяў.
Звязда, 26 студзеня 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/59/63120
Текущая дата: 07.11.2024