Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі ўпершыню з’явяцца нацыянальныя геапаркі



Сёння ў Беларусі няма ніводнай прыроднай тэрыторы з такім статусам, а ў свеце існуе каля 170 такіх аб’ектаў.

У Беларусі налічваецца больш за 400 геалагічных помнікаў, асноўная іх колькасць сканцэнтраваная на поўначы, у тым ліку на тэрыторыі двух нацыянальных паркаў — «Браслаўскія азёры» і «Нарачанскі». Экспертную ацэнку прыроднага патэнцыялу іх тэрыторый праводзяць вучоныя факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ і Нацыянальнай акадэміі навук. 

Для ўключэння ў сетку геапаркаў ЮНЕСКА вучоныя ацэньваюць адпаведнасць а’бектаў міжнародным патрабаванням, экалагічны стан тэрыторый, фіксуюць унікальныя і каштоўныя геалагічныя і геамарфалагічныя аб’екты, вызначаюць найбольш перспектыўныя напрамкі для развіцця геатурыстычнай дзейнасці і г.д.

Стварэнне геапарку на тэрыторыі Беларусі дасць магчымасць павысіць ахову ўнікальных і каштоўных прыродных аб’ектаў і пашырыць турыстычны патэнцыял рэгіёна. Акрамя таго, прысваенне новага статусу будзе садзейнічаць развіццю асветы ў галіне аховы навакольнага асяроддзя.

Нацыянальныя паркі «Браслаўскія азёры» і «Нарачанскі» налічваюць больш за 60 каштоўных геалагічных і геамарфалагічных помнікаў прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння. У прыватнасці, тут захаваліся сляды апошняга, паазерскага абледзянення (95–14 тыс. гадоў таму). Гэта створаны ледніком унікальны рэльеф — незвычайнай формы ўзгоркі, пясчаныя грады, розныя валуны, азёрныя катлавіны глыбінёй больш за 40 метраў і інш.

Плануецца, што статус нацыянальнага геалагічнага парку тэрыторыя атрымае да 2025 года.

Надзея Нікалаева
Звязда, 17 студзеня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/60/62863
Текущая дата: 07.11.2024