Белорусский портал в Казахстане

Запалены алімпійскіх агонь зімовых Гульняў у Пекіне



Не паспелі дагарэць апошнія іскры алімпійскага агню ў Токіа, як полымя зноў зазіхацела на ўвесь свет. У старажытнай Алімпіі запалілі агонь зімніх Гульняў 2022 году ў Пекіне.

Традыцыя запальваць агонь на радзіме Алімпійскіх гульняў, у Грэцыі, пачалася ў 1936 годзе. Звычайна ў цырымоніі ўдзельнічаюць адзінаццаць актрыс, якія ў вобразах старажытнагрэчаскіх жрыц паўтараюць антычны рытуал на месца руін храма багіні Геры. На нядаўняй цырымоніі ролю вярхоўнай жрыцы выканала актрыса Ксанці Георгіў. Яна запаліла агонь з дапамогай парабалічнага люстэрка ад сонечных промняў.

У Грэцыі эстафета алімпійскага агню праводзілася ўсяго суткі. Першым факеланосцам стаў грэчаскі гарналыжнік Янніс Іанніс Антоніу. На гістарычным стадыёне «Панацінаікас» факел перадалі кітайскай дэлегацыі. Эстафета алімпійскага агню скончыцца 4 лютага — у дзень адкрыцця Алімпіяды ў Пекіне.

А тым часам падрыхтоўка да галоўнага спартыўнага форуму ў разгары. Як адзначыў спартыўны дырэктар МАК Кіт Макконел, шэраг тэставых спаборніцтваў на алімпійскіх аб’ектах ўжо адбыліся. У прыватнасці, прайшлі спаборніцтвы па бабслеі, канькабежным спорце, кёрлінгу, завяршаюцца па фігурным катанні, а ў лістападзе і снежні пройдуць па лыжных дысцыплінах. «Усе замежныя атлеты, якія прынялі ўдзел у тэставых спаборніцтвах, высока ацанілі намаганні Пекіна па падрыхтоўцы да Алімпіяды. Аб’екты знаходзяцца ў высокай ступені гатоўнасці і могуць прыняць удзельнікаў у лютым наступнага года», — падкрэсліў прадстаўнік Міжнароднага алімпійскага камітэту.

Аргкамітэт «Пекін-2022» таксама прыняў рашэнне (пасля шматлікіх просьбаў) аб выдзяленні дадатковых акрэдытацый для дапаможнага персаналу спартсменаў.

Валерыя Сцяцко
Звязда, 19 кастрычніка 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/67/61045
Текущая дата: 07.11.2024