Белорусский портал в Казахстане

У цэнтры Мінска адкрылася выстава «НАК Беларусі — 30 гадоў»



Даведацца пра алімпійскую гісторыю Беларусі можна ў самым цэнтры сталіцы. На плошчы Свабоды каля Мінскай ратушы адкрылася выстаўка «НАК Беларусі — 30 гадоў. Гісторыі нашых перамог».

На стэндах прадстаўлены самыя яркія моманты беларускай алімпійскай гісторыі, фота прызёраў і чэмпіёнаў Алімпійскіх гульняў. Мінчане і госці сталіцы на свае вочы могуць убачыць архіўныя фота з першай для суверэннай гісторыі нашай краіны алімпіяды ў Ліллехаммеры 1994 года, сенсацыйны залаты забег Юліі Несцярэнкі ў Афінах 2004 года, моманты перамог Андрэя Арамнава, Кацярыны Карстэн, Максіма Мірнага і Вікторыі Азаранкі. І многіх іншых спартсменаў, якія падарылі краіне алімпійскія перамогі. 

Сярод іх — Наталля Цылінская, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 2004 года, а сёння — старшыня Беларускай федэрацыі веласпорту. 

«Тое, што такая выстава адбылася — выдатна. Той, каму цікавы спорт можа прыйсці і дадаткова даведацца інфармацыю аб спартсменах, якія на працягу доўгіх гадоў адстойваюць гонар краіны. Спорт можа быць у жыцці чалавека, а можа і не быць, гэта добраахвотны выбар кожнага. Але я не ведаю ні аднаго чалавека, каму б ён нашкодзіў. Можа, хто-небудзь з наведвальнікаў гэтай выставы зацікавіцца спортам і яго партрэт з’явіцца ўжо на новай выставе. Было б выдатна», — адзначыла Наталля Цылінская.

Сімвалічна, што выстава ў цэнтры горада адкрылася ў Міжнародны алімпійскі дзень — 23 чэрвеня. Як адзначыў алімпійскі чэмпіён 1992 года гандбаліст Андрэй Барбашынскі, для кожнага спартсмена гэта вялікае свята. 

«У нас вельмі любяць спорт. І гэтая выстава — своеасаблівая падтрымка для спартсменаў, якія цяпер рыхтуюцца да Алімпійскіх гульняў у Токіа. Тут можна ўбачыць гісторыю, сучаснасць і, я спадзяюся, што заўтра партрэтаў тут будзе больш. Гэта абсалютна нармальная з’ява, калі мы прэзентуем спорт і паказваем, што гэта такое», — сказаў Андрэй Барбашынскі. 

Яшчэ адна выстаўка на спартыўную тэматыку адкрылася сёння ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. Выстаўка «На шляху да Токіа» знаёміць са спартсменамі і алімпійскімі відамі спорту, якія праславілі нашу краіну. У выставачную экспазіцыю ўключаны 50 унікальных экспанатаў са сховішчаў Рэспубліканскага музея фізічнай культуры і спорту і пяць арыгінальных інтэрактыўных экскурсій. 

Валерыя Сцяцко
Звязда, 23 чэрвеня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/77/59856
Текущая дата: 26.12.2024