Белорусский портал в Казахстане

Знакаміты палац у Жалудку выставяць на таргі



Палацава-паркавы ансамбль Святаполк-Чацвярцінскіх, размешчаны ў Шчучынскім раёне, было вырашана выставіць на таргі.

Пра гэта стала вядома з афіцыйнай старонкі на Facebook Уладзіміра Караніка, старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Вядома, што на дадзены момант плануецца ацэнка комплексу.

Справа ў тым, што лёс знакамітага маёнтка Святаполк-Чацвярцінскіх вельмі складаны. На працягу многіх гадоў комплекс у пасёлку Жалудок, куды ўваходзіць палац, флігель, кузня, гаспадарчыя пабудовы, рэшткі былога парку, мяняў сваіх уладальнікаў, якія не здолелі давесці да розуму каштоўную гістарычную спадчыну.

Пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя, комплекс у розныя перыяды то быў нямецкім шпіталем, то адводзіўся пад ваенную частку, то з`яўляўся мясцовым клубам. Тым не менш, час сур`ёзна адбіўся на стане палаца і пабудоў.

У 2013–2014 гадах былі праведзены работы па стварэнні праекта аднаўлення ансамбля. За гэты перыяд была аформлена ўваходная група ў сядзібны комплекс, добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя.

— 8 ліпеня 2014 гісторыка-культурная каштоўнасць перайшла да новага ўладальніка. Была надзея, што ён распачне работы па яе аднаўленні і ўключэнні ў гаспадарчы абарот, дасць комплексу новае жыццё. На жаль, у 2015–2018 гадах пры праверцы пракуратурай раёна выканання заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны было выяўлена, што тэхнічны стан комплексу нездавальняючы. Пры гэтым уласнік аб`екта не прымае належных мер па яго захаванні і забеспячэнні бяспекі людзей, якія знаходзяцца на яго тэрыторыі, — растлумачыў Уладзімір Каранік.

Два гады таму пракуратура Шчучынскага раёна звярнулася ў суд з заявай аб канфіскацыі гісторыка-культурнай каштоўнасці ў ранейшага ўладальніка. Суд заяву падтрымаў.

— Для выканання пастановы суда плануюцца ацэнка комплексу былога палаца і яго выстаўленне на публічныя таргі. Спадзяемся, што комплекс здабудзе інвестара і стане яшчэ адным знакавым турыстычным аб`ектам на карце вобласці, як гэта ўжо адбылося з многімі аб`ектамі на тэрыторыі рэгіёну, — звярнуў увагу Уладзімір Каранік.

Таксама старшыня Гродзенскага аблвыканкама заўважыў, што і надалей захаванню багатай гісторыка-культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці будзе надавацца асабістая ўвага.

Аўтар: Аліса Скіба
Звязда, 27 красавіка 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/80/58980
Текущая дата: 08.11.2024