Белорусский портал в Казахстане

У Мінску прайшоў фінал праекта «Крок у будучыню-2021»



У Мінску прайшоў фінал маштабнага праекта Беларускай федэрацыі баскетболу і FIBA Еўропа «Крок у будучыню-2021», прымеркаваны да 100-годдзя беларускага баскетбола.

Перш чым дабрацца да беларускай сталіцы, рэгіянальныя этапы «Кроку» прайшлі ў Маладзечне, Магілёве, Брэсце, Віцебску, Гродна і Гомелі.

Такое турне спецыялісты Беларускай федэрацыі баскетболу здзейснілі з мэтай павысіць кваліфікацыю трэнераў і прагледзець перспектыўных спартсменаў 11 і 12 гадоў. Лепшыя маладыя баскетбалісты з усёй краіны выйшлі ў фінал праекту. Усе яны былі старанна адабраныя экспертнай групай, у якую ўвайшлі галоўны трэнер жаночай нацыянальнай каманды Наталля Трафімава, галоўны трэнер жаночай зборнай U-18 Златан Прэшыч, выканаўчы дырэктар-генеральны сакратар БФБ Настасся Марыніна, менеджэр жаночай зборнай Беларусі Аляксандр Кудраўцаў, прадстаўнікі БФБ Дзяніс Мацулевіч і Максім Троцкі.

Арганізатары падрыхтавалі для спартсменаў конкурс баскетбольнага майстэрства, конкурс на званне лепшага снайпера і міні-спаборніцтвы па баскетболе 3х3. Будучыя каралі пляцоўкі паказалі, на што яны здольныя, пераходзячы ад статыкі да экшэну. Па выніках усіх спаборніцтваў былі названы па чатыры лепшыя спартсмены сярод юнакоў і дзяўчат.

Адкрыла гульні маладая, але ўжо знакамітая гомельская спартсменка Варвара Плескачэўская з Гомеля пад нумарам 50. «У такіх спаборніцтвах удзельнічаю ўжо чацвёрты раз. Вельмі рада, што тут ёсць магчымасць паказаць сваё майстэрства не толькі як лідара, але і ў камандных спаборніцтвах», — расказала Варвара, якая нядаўна стала тварам сусветнай праграмы Міжнароднай федэрацыі баскетбола (FIBA) «Яе свет, яе правілы».

Фінал «Кроку ў будучыню» — гэта спалучэнне дзіцячага свята з роставымі лялькамі, паветранымі шарамі, вясёлымі фотасесіямі і сур’ёзнага спаборніцтва, вынікі якога вельмі важныя для ўсіх удзельнікаў. Галоўны трэнер жаночай нацыянальнай каманды Наталля Трафімава ўважліва назірала за будучымі зоркамі баскетбола. «Яшчэ рана казаць, што гэта будучыня нашай зборнай. Мы праглядаем дзяцей з усёй краіны на перспектыву і ўжо ў наступныя гады будзем старацца фарміраваць склад у вучылішчы алімпійскага рэзерву», — пракаментавала яна.

Па выніках конкурсу баскетбольнага майстэрства сярод дзяўчат лепшай названа гамяльчанка Яўгенія Каралёнак, другой стала Алёна Прахарчук з Мінска, трэцяй — Соф’я Шышкіна са Светлагорску. Сярод юнакоў першае месца заняў мінчанін Аляксандр Шапашнікаў, другое — віцябчанін Кірыл Кец, трэцяе мінчанін — Данііл Шалак.

Лепшымі снайперамі былі названыя Наталля Шахлевіч з Маладзечна, Марыя Таран з Бабруйска, Стэфанія Калесная з Мінску, Аляксандр Шапашнікаў, Яраслаў Гесць са Светлагорску, і Данііл Шалак.

Па выніках турніру «баскетбол 3×3» сярод дзявочых каманд пераможцамі сталі «Сузор’е», «Ружовыя пантэры» і «Дзяўчаты». Сярод юнакоў — «Арляняты», «Цудоўная чацвёрка» і «Смешарыкi».

У чацвёркі лепшых юных спартсменаў, з улікам усіх вынікаў спаборніцтваў і назапашаных балаў, увайшлі: Соф’я Шышкіна, Варвара Плескачэўская, Марыя Таран, Наталля Шахлевіч, Аляксандр Шапашнікаў, Данііл Шалак, Кірыл Кец і Уладзіслаў Сатыраў з Гомеля.

Усім 32 фіналістам былі ўручаны спецыяльныя прызы ад Беларускай федэрацыі баскетбола сумесна з кампаніяй партнёрам «5 элемент».

Данііл Скарапанаў
Звязда, 28 красавіка 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/83/58981
Текущая дата: 25.12.2024