Белорусский портал в Казахстане

Амаль 40 тыс. гасцей адпачылі ў аграсядзібах Гомельскай вобласці ў 2020 годзе



У 2020 годзе аграэкасядзібы Гомельскай вобласці наведалі 39 825 гасцей. Годам раней такія тураб’екты прынялі амаль 41,5 тыс. чалавек, паведаміў намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Гомельскай вобласці Дзмітрый Дайнека.

«Пераважна ў мінулым годзе ў аграсядзібах рэгіёну адпачывалі беларускія турысты. Іх доля склала 98,6% (у 2019-м — 96,5%). Калі казаць пра замежнікаў, то больш за ўсё гасцей прыбыло з Расіі і Украіны», — распавёў намеснік начальніка інспекцыі.

Па дадзеных на 1 студзеня 2021, у інспекцыях МПЗ Гомельскай вобласці стаяць на ўліку 182 суб’екты аграэкатурызму: 176 фізічных асоб і шэсць сельскагаспадарчых арганізацый. У параўнанні з пачаткам мінулага года колькасць суб’ектаў павялічылася на 11. Больш за ўсё сядзіб у Гомельскім (32), Рэчыцкім (22), Петрыкаўскім (17) раёнах.

«За 2020 год выручка ад паслуг аграэкатурызму ў рэгіёне склала Br1,6 млн. Сума выплачанага суб’ектамі аграэкатурызму ў бюджэт збору перавысіла Br4,6 тыс. Гэта крыху больш, чым у 2019 годзе», — дадаў Дзмітрый Дайнека.

Намеснік начальніка інспекцыі нагадаў: з 2021 года стаўка збору для суб’ектаў аграэкатурызму ўстаноўлена ў памеры дзвюх базавых велічынь у каляндарны год (1 БВ — Br29). Тыя, хто заплаціў збор у мінулым годзе за поўны 2021-й у памеры 1 БВ, абавязаны даплаціць да двух базавых.

Звязда, 21 лютага 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/85/58355
Текущая дата: 08.11.2024