Белорусский портал в Казахстане

Больш за 4200 прадстаўнікоў спартыўнай сферы падтрымала зварот да грамадскасці



Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

Пачынаючы з лістапада, беларускія спартсмены, для якіх галоўная мэта — выступленне на спаборніцтвах і спакойная работа дзеля таго, каб увесь свет слухаў беларускі гімн, падпісваюць адкрыты зварот да міжнароднай і беларускай грамадскасці. Падтрымалі гэтую ініцыятыву ўжо больш за 4200 атлетаў, трэнераў і работнікаў спартыўнай сферы. Хтосьці з іх марыць падняцца на найвышэйшую прыступку п`едэстала, слухаючы беларускі гімн і радуючы сваіх балельшчыкаў. А камусьці важна падтрымаць сяброў, калег, вучняў.

Адным з ініцыятараў ідэі звярнуцца да спартыўнай грамадскасці была чэмпіёнка Еўрапейскіх гульняў у Баку і Мінску, шматразовы прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы па барацьбе Васіліса Марзалюк: «Для мяне гэта спосаб абараніць сваю справу. Як і ў іншых прафесіях, мы павінны адстойваюць сваю пазіцыю і маем права быць пачутыя. Беларускія атлеты ведаюць, колькі зроблена для спорту ў краіне. Гэтага нельга адмаўляць. Зараз спрабуюць спыніць алімпійскі рух у нашай краіне, чаго нельга дапусціць».

«Мы — беларускія спартсмены, чэмпіёны, прызёры і ўдзельнікі Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы, спартсмены, якія пачынаюць свой шлях да спартыўных вяршынь, заслужаныя трэнеры, якія прысвяцілі ўсё жыццё выхаванню чэмпіёнаў, маладыя перспектыўныя трэнеры, што гараць сваёй любімай справай, і іншыя супрацоўнікі спартыўнай галіны, якія штодзень працуюць на карысць спорту», — так пачынаецца тэкст адкрытага звароту. І сапраўды, ён аб`ядноўвае ўсе пакаленні людзей, што зрабілі свой уклад у развіццё беларускага спорту.

Падпісанню адкрытага звароту далі старт легенды спорту, алімпійскія чэмпіёны, якія на ўласным прыкладзе ведаюць, як дасягаць поспехаў. Першыя падпісалі зварот Аляксандр Майсекаў, Аляксей Абалмасаў (веславанне на байдарках і каноэ), Яніна Правалінская-Карольчык (лёгкая атлетыка), Кацярына Карстэн (веславанне акадэмічнае), Сяргей Булыгін (біятлон).

Сваё аўтарытэтнае слова сказаў і чалавек, які ўласнымі дасягненнямі праславіў увесь беларускі спорт, Аляксандр Мядзведзь: «Упэўнены, пісьмо падпішуць многія беларускія атлеты. Гэты зварот важны для нашых будучых пакаленняў спартсменаў. У многіх з іх наперадзе Алімпійскія гульні ў Токіа. Я прымаў удзел у Гульнях тройчы і не стамляюся паўтараць: выдатная падзея і відовішча! Кожная Алімпіяда ўнікальная. Падчас Гульняў спартсмены знаёмяцца, сябруюць — усё гэта аб`ядноўвае. Спорт заўсёды быў і павінен заставацца па-за палітыкай. Усе мы жадаем міру і сяброўства», — адзначыў трохразовы алімпійскі чэмпіён.

Алімпійскі чэмпіён 2008 года ў веславанні на байдарках і каноэ, а сёння — старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Аляксандр Багдановіч нагадаў, што заснавальнік алімпійскага руху барон П`ер дэ Кубертэн імкнуўся ўберагчы спартсменаў ад усіх палітычных павеваў. Аднак, на думку спартсмена, у нашым шматвектарным жыцці заставацца ўбаку ад розных грамадскіх працэсаў даволі складана.

«Наш зварот заклікае аб`яднацца ўсім. Беларускія спартсмены жадаюць выступаць пад беларускім сцягам і слухаць беларускі гімн. Для атлета сур`ёзная матывацыя — удзел у Алімпійскіх гульнях, і не варта пазбаўляць яго гэтай мары», — падкрэсліў Аляксандр Багдановіч. Пагадзіўся з ім і алімпійскі чэмпіён — 2014 у лыжнай акрабатыцы Антон Кушнір.

Узялі прыклад са старэйшых калег і маладыя спартсмены, якія ўжо паспелі гучна заявіць аб сабе на міжнародных арэнах: Максім Недасекаў (лёгкая атлетыка), Арына Сабаленка (тэніс), Марына Літвінчук (веславанне на байдарках і каноэ), Ірына Курачкіна (барацьба вольная), Дзмітрый Траццякоў (веславанне на байдарках і каноэ). Вядомы беларускі лёгкаатлет, чэмпіён Еўрапейскіх гульняў у Мінску Максім Недасекаў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» заклікаў не дзяліць спартсменаў на сваіх і чужых: «Я і блізка не палітык. Для мяне больш пытанне ў тым, што спартсмены дзеляцца на сваіх і чужых. Вось гэта жудасна».

Адкрыты зварот падпісалі многія спартсмены, якія рыхтуюцца да Алімпійскіх гульняў у Токіа, дзе плануюць выступаць пад беларускім, а не нейтральным сцягам: Кацярына Галкіна і Аліна Гарнасько (мастацкая гімнастыка), Уладзіслаў Ганчароў і Марыя Махарынская (скачкі на батуце), Яўген Каралёк і Ганна Церах (веласпорт).

Падтрымалі зварот і знакамітыя трэнеры, якія выхавалі мноства выдатных спартсменаў. Вольга Уласава (скачкі на батуце), Алена Зубрылава (біятлон), Віктар Камоцкі (лыжныя гонкі), Спартак Мірановіч (гандбол), Ірына Ляпарская (мастацкая гімнастыка) — скарбніца мудрасці і жыццёвага досведу. Сваёй працай гэтыя людзі даказалі, што іх меркаванню варта давяраць.

Колькасць подпісаў пад адкрытым зваротам штодзень расце. Прадстаўнікі «медальных» відаў спорту — гандбола, лёгкай атлетыкі, веславання, біятлона, мастацкай гімнастыкі — актыўна выражаюць сваю пазіцыю за развіццё спорту і плённую працу дзеля будучых гучных перамог. Прадстаўнікі спорту розных пакаленняў упэўнены: алімпійская каманда Беларусі павінны выступаць на Алімпійскіх гульнях пад нацыянальным сцягам і не падвяргацца ціску.

Аўтар: Валерыя Сцяцко
Звязда, 19 снежня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/90/57637
Текущая дата: 26.12.2024