Белорусский портал в Казахстане

Пляж № 4 на Цнянскім вадасховішчы прызнаны адным з найлепшых у краіне



Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя падвяло вынікі рэспубліканскага конкурсу на найлепшае добраўпарадкаванне і ўтрыманне месцаў карыстання паверхневымі воднымі аб`ектамі для адпачынку, спорту і турызму ў 2020 г.

Конкурс праходзіць штогод з 1 мая па 31 жніўня. Яго мэты - забяспечыць захаванне рэжыму гаспадарчай і іншай дзейнасці ў межах водаахоўных зон і прыбярэжных палос, палепшыць экалагічны стан водных аб`ектаў і сфармаваць экалагічную культуру ў карыстальнікаў зон адпачынку і прадпрыемстваў, якія адказваюць за гэтыя аб`екты. Першы этап доўжыцца з 1 мая па 31 ліпеня і ўключае арганізацыю, правядзенне і падвядзенне вынікаў на гарадскім альбо абласным узроўні. Другі - з 1 па 31 жніўня - падвядзенне вынікаў на рэспубліканскім узроўні.

Па выніках другога этапа конкурсу сярод прызёраў аказаўся і пляж № 4 на Цнянскім вадасховішчы. За яго ўтрыманне і добраўпарадкаванне Мінскай лесапаркавай гаспадарцы прысуджана 2-е месца ў рэспубліцы.

Зона адпачынку сапраўды вартая высокай ацэнкі. Тут ёсць усё, што трэба для вольнага часу з камфортам: кабінкі для пераапранання, пітны фантанчык, стацыянарны грамадскі туалет з душамі, лаўкі, урны, развітая сетка пешаходных сцежак і веладарожка, дыхтоўная дзіцячая гульнявая пляцоўка. Маюцца чатыры валейбольныя пляцоўкі, тры аўтастаянкі, шматлікія пункты гандлю і пракату.

Перамогу ў конкурсе атрымала таварыства з абмежаванай адказнасцю «Туголіцкі каскад» за добраўпарадкаванне і ўтрыманне месцы масавага адпачынку «Наша месца» на возеры ў Бабруйскім раёне.

Трэцяе месца дасталася кіраванню сацыяльнымі аб’ектамі рэспубліканскага прадпрыемства «Вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта», якое на конкурсе прадставіла пляж санаторыя «Сонечны бераг», размешчаны на беразе Дняпра ў вёсцы Аляксандраўка Рэчыцкага раёна.

Усім уладальнікам прызавых месцаў ўручылі дыпломы і грашовыя прэміі.

Звязда, 19 верасня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12/95/56093
Текущая дата: 27.12.2024