Кыргызстан звярнуўся да Беларусі з паўторнай просьбай аб разглядзе міжнародных следчых даручэнняў у дачыненні да сына былога прэзідэнта Бакіева.
Генеральная пракуратура Кыргызстана адправіла ў Генеральную пракуратуру Беларусі ліст аб разглядзе раней накіраваных міжнародных следчых даручэнняў у дачыненні да Марата Бакіева — сына скінутага прэзідэнта Курманбека Бакіева, а таксама аб даванні каментарыяў адносна інфармацыі, якая сведчыць аб яго пражыванні на тэрыторыі Беларусі (у Раўбічах).
Марат Бакіеў адшукваецца праваахоўнымі органамі Кыргызстана. Фота нібыта яго дома ў элітным пасёлку ў Раўбічах пад Мінскам з`явілася ў беларускім сегменце інтэрнэту 21 верасня.
У паведамленні Генпракуратуры Кыргызстана гаворыцца, што ёю неаднаразова накіроўваліся ў беларускія кампетэнтныя органы адпаведныя запыты аб выдачы і прававой дапамозе па крымінальных справах у дачыненні да блізкіх сваякоў экс-прэзідэнта Курманбека Бакіева і набліжаных да іх асоб, якія абвінавачваюцца на тэрыторыі Кыргызстана ва ўчыненні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў.
Падчас двухбаковай сустрэчы 25 верасня 2013 года ў Бішкеку генеральных пракурораў дзвюх дзяржаў генпракурорам Беларусі была выказаная гатоўнасць да далейшага ўмацавання прававога супрацоўніцтва ў пытаннях аказання прававой дапамогі па крымінальных справах у дачыненні да вышэйназваных асоб, зазначае кіргізскі бок. Таму ў снежні 2013 года былі адпраўленыя міжнародныя следчыя даручэнні па крымінальных справах у дачыненні да набліжаных да экс-прэзідэнта Кыргызстана, у тым ліку ў дачыненні да Марата Бакіева.
Аднак, як зазначаюць у Генпракуратуры Кыргызстана, з атрыманых раней адказаў Генеральнай пракуратуры Беларусі вынікае, што ў рэспубліканскай базе даных аўтаматызаванай сістэмы "Пашпарт" звесткі пра Марата Бакіева адсутнічаюць, інфармацыі пра яго магчымае месцазнаходжанне на тэрыторыі Беларусі не атрымана, а таксама звестак аб пропуску цераз дзяржаўную мяжу Беларусі Марата Бакіева ў перыяд з 1 студзеня 2010 года па 22 мая 2013 года няма.
"На падставе выкладзенага вышэй, а таксама ўлічваючы дамоўленасці, дасягнутыя паводле вынікаў двухбаковых сустрэч генеральных пракурораў Кыргызстана і Беларусі ў жніўні 2015 года ў Астане, аб супрацоўніцтве па гэтых пытаннях, Генеральная пракуратура Кыргызстана просіць вярнуцца да разгляду раней накіраваных міжнародных следчых даручэнняў у дачыненні да Марата Бакіева", — гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры Кыргызстана.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 22 верасня 2015
Мінск, 22 верасня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-/11/32694
Текущая дата: 15.11.2024