Белорусский портал в Казахстане

Беларусь, Расія і Казахстан маюць намер стварыць Еўразійскі інжынірынгавы цэнтр



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Еўразійскай эканамічнай камісіі па выніках праведзенага ў Маскве першага пасяджэння Каардынацыйнага савета па развіцці машынабудавання Мытнага саюза.

Плануецца, што пытанне аб стварэнні Еўразійскага інжынірынгавага цэнтра будзе разгледжана на адным з бліжэйшых пасяджэнняў Калегіі ЕЭК.

На пасяджэнні каардынацыйнага савета намеснік дырэктара Дэпартамента прамысловай палітыкі ЕЭК Сяргей Еўдакімаў расказаў аб сітуацыі ў станкабудаўнічай галіне. Сярод асноўных праблем ён вызначыў нізкія аб`ёмы вытворчасці металаапрацоўчага абсталявання, у тым ліку з лічбавым праграмным кіраваннем; канцэнтрацыю на экспарце частак, а не на канчатковай прадукцыі; лакалізацыю на тэрыторыі МС замежных сэрвісна-збытавых цэнтраў, а не тэхналогій; нізкую якасць абсталявання, якое пастаўляецца.

"У сувязі з гэтым стварэнне Еўразійскага міждзяржаўнага інжынірынгавага цэнтра падтрымліваецца дзяржавамі - членамі Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы, што ў выніку дасць магчымасць вырашыць вышэйназваныя праблемы станкаінструментальнай галіны і надасць дадатковы імпульс яе развіццю", - лічыць намеснік дырэктара дэпартамента ЕЭК.

На пасяджэнні былі вызначаны асноўныя напрамкі развіцця машынабудавання дзяржаў Мытнага саюза і міжгаліновых кластараў у сферы машынабудавання, а таксама пытанні стварэння Еўразійскага міждзяржаўнага інжынірынгавага цэнтра.

Каардынацыйны савет па развіцці машынабудавання Мытнага саюза - орган, сфарміраваны для выпрацоўкі прапаноў у мэтах мадэрнізацыі і інавацыйнага развіцця машынабудаўнічых тэхналогій. Членамі каардынацыйнага савета з`яўляюцца прадстаўнікі Рэспубліканскай асацыяцыі прадпрыемстваў прамысловасці "БелАПП", Саюза машынабудаўнікоў Расіі, Нацыянальнай палаты прадпрымальнікаў Казахстана.

17 ліпеня 2014, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-/13/26653
Текущая дата: 26.11.2024