Белорусский портал в Казахстане

Беларусь, Расія і Казахстан маюць намер прадаўжаць работу па развіццю еўразійскай інтэграцыі, заснаванай на прагматызме і ўзаемнай выгадзе для ўсіх удзельнікаў і саюза ў цэлым



Такую пазіцыю пацвердзілі 29 мая лідары краін на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Астане, паведамілі ў прэс-службе Прэзідэнта Беларусі.

Да пачатку саміту прайшла двухбаковая сустрэча кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Казахстан з`яўляецца прывабным і перспектыўным партнёрам для Беларусі.

"Двухбаковыя адносіны ў нас развіваюцца даволі дынамічна. І нам удаецца не толькі на нашым узроўні здымаць праблемы і перашкоды на гэтым шляху, але і нашы спецыялісты, урады добра працуюць", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў паспяховасць нядаўняга візіту ў Беларусь прэм`ер-міністра Казахстана. "Мы з ім сустракаліся, абмеркавалі вельмі шмат пытанняў, дэлегацыя пабывала ва ўсіх кутках Беларусі, прэм`ер-міністр з-за цікавасці да асобных пытанняў затрымаўся ў нашай краіне. Мы гэта цэнім", - падкрэсліў ён.

"Мы бачым Казахстан самым прывабным, перспектыўным партнёрам для Беларусі. Таму што тут вельмі шмат работы, якую мы ўмеем рабіць, у якой вы маеце патрэбу, і вы не супраць, каб мы па гэтых напрамках працавалі. Мы гатовы прымаць і прымаем актыўны ўдзел у мадэрнізацыі вашай краіны. У нас нямала праектаў і амаль няма ніякіх праблем у іх рэалізацыі. Гэта сведчыць аб узроўні нашага супрацоўніцтва", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца саміту ў Астане ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы, Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што бакі павінны зрабіць некалькі крокаў у развіцці гэтага перспектыўнага інтэграцыйнага аб`яднання, аб якім не толькі гавораць, але з якім і лічацца. "Вельмі спадзяюся, што мы, маючы практычна падобную пазіцыю з вамі па многіх пытаннях, зможам сёння дасягнуць кансэнсусу", - дадаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

У сваю чаргу прэзідэнт Казахстана падкрэсліў важнасць саміту, на якім у тым ліку планавалася абмеркаваць праблемныя пытанні і шляхі іх вырашэння.

Што датычыцца адносін Казахстана і Беларусі, Нурсултан Назарбаеў адзначыў, што двухбаковы гандаль мае добрую тэндэнцыю росту. Актыўна рэалізуюцца сумесныя праекты, а эканомікі дзвюх краін узаемадапаўняльныя. Нурсултан Назарбаеў таксама запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць Казахстан з афіцыйным візітам, каб прадметна абмеркаваць развіццё адносін.

Адкрываючы пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, кіраўнік казахстанскай дзяржавы нагадаў, што ў снежні 2012 года бакі дамовіліся правесці ў гэтым годзе тры сустрэчы, каб не збаўляць тэмпы прыняцця дакументаў па далейшай інтэграцыі і стварэнню Еўразійскага эканамічнага саюза. "Сёння наша першая сустрэча на вышэйшым узроўні ў рамках гэтай дамоўленасці. Галоўнае - наша агульнае імкненне інтэгравацца далей", - падкрэсліў Прэзідэнт Казахстана.

"Мы зыходзім з таго, што інтэграцыя павінна быць выгадна ўсім яе ўдзельнікам. Дзяржавы ідуць на інтэграцыю, каб атрымаць тое, што яны не могуць атрымаць паасобку. Інтэграцыйны працэс павінен ісці эвалюцыйна, трэба аб`ядноўваць намаганні, шукаць агульныя падыходы і рабіць гэта паэтапна", - адзначыў Нурсултан Назарбаеў.

На пасяджэнне былі запрошаны таксама прэзідэнты Украіны і Кыргызстана для ўдзелу ў дыскусіі.

Кіраўнікі дзяржавы разгледзелі перспектывы развіцця асноўных напрамкаў інтэграцыі.

Бакі абмеркавалі мерапрыемствы па стварэнню інтэграванай інфармацыйнай сістэмы знешняга і ўзаемнага гандлю Мытнага саюза, правядзенне ўзгодненай аграпрамысловай палітыкі, асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі дзяржаў - членаў МС і АЭП на 2013-2014 гады.

Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся, што праекты дакументаў аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза, які плануецца запусціць з 1 студзеня 2015 года, будуць прадстаўлены на іх разгляд да 1 мая 2014 года.

Асобным блокам прэзідэнты разглядалі перспектывы пашырэння Мытнага саюза і Адзінай мытнай прасторы

Па выніках пасяджэння мытная "тройка" прыняла рашэнне аб прадастаўленні Кыргызстану і Украіне статусу наглядальніка ў Еўразійскім эканамічным саюзе.

Кыргызстан раней падаў заяўку на далучэнне да Мытнага саюза. Цяпер спецыяльна створаная рабочая група рыхтуе "дарожную карту" для ўступлення Кыргызстана ў Мытны саюз.

Што датычыцца Украіны, то яна выказала зацікаўленасць у атрыманні статусу наглядальніка ў рамках як Мытнага саюза/Адзінай эканамічнай прасторы, так і ў будучым Еўразійскім эканамічным саюзе.

Плануецца, што ўжо 31 мая ў Мінску ў час сустрэчы кіраўнікоў урадаў СНД будуць падпісаны мемарандумы, якія дадуць права прадстаўнікам Украіны і Кыргызстана па запрашэнню савета або калегіі ЕЭК удзельнічаць у пасяджэннях без права голасу, але разам з тым выказваць сваё меркаванне і ўносіць прапановы, якія будуць разглядацца Еўразійскай эканамічнай камісіяй.

Да наступнага пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў кастрычніку гэтага года ў Мінску будзе падрыхтаваны дакумент, які рэгламентуе статус наглядальніка ў будучым Еўразійскім эканамічным саюзе.

Па выніках пасяджэння прынята рашэнне па рэалізацыі асноўных напрамкаў інтэграцыі. У гэтым рашэнні замацаваны асновы для стварэння і развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза.

Бакі дамовіліся, што інтэграцыя будзе праходзіць паэтапна. "Цяпер галоўнай мэтай з`яўляецца ўстараненне ўсіх выключэнняў з Мытнага саюза, канчатковае фарміраванне Адзінай эканамічнай прасторы. На аснове гэтай работы мы прымем рашэнне аб далейшым паглыбленні інтэграцыйных працэсаў", - заявіў Прэзідэнт Казахстана.

Пры гэтым размова ідзе аб эканамічнай інтэграцыі, заснаванай на прагматызме і ўзаемнай выгадзе для дзяржаў-членаў і саюза ў цэлым.

Вынікам пасяджэння ў Астане таксама стала падпісанне кіраўнікамі дзяржаў шэрага рашэнняў. У прыватнасці, унесены змяненні ў рэгламент работы Еўразійскай эканамічнай камісіі па пытанню правядзення міжнародных перагавораў у сферы гандлю. Гэты дакумент дасць магчымасць дзяржавам - членам Мытнага саюза актыўна ўзаемадзейнічаць, выкарыстоўваючы для гэтага пляцоўку камісіі. Ён пашырыць кола партнёраў па гандлю, што з`яўляецца немалаважным этапам на шляху больш цеснай інтэграцыі краін.

Кіраўнікамі дзяржаў таксама адобрана канцэпцыя ўзгодненай аграпрамысловай палітыкі дзяржаў - членаў Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Прынята пагадненне аб інфармацыйным узаемадзеянні ў сферы статыстыкі.

Наступная сустрэча кіраўнікоў дзяржаў пройдзе ў Мінску ў канцы кастрычніка, а ў снежні бакі збяруцца на саміт у Маскве. "Мы маем намер прадаўжаць мэтанакіраваную ўзважаную палітыку па ўмацаванню інтэграцыйных працэсаў у рамках Мытнага саюза. Кіраўнікі дзяржаў чарговы раз падкрэслілі сваю цвёрдую прыхільнасць эфектыўнаму выкарыстанню патэнцыялу нашых раўнапраўных адносін", - сказаў Прэзідэнт Казахстана.

Разам з тым ён адзначыў, што развіццё інтэграцыйных працэсаў - даволі складаны працэс, і зразумела, што на гэтым шляху часам узнікаюць пэўныя цяжкасці і нестыкоўкі. "Але галоўнае, што ёсць палітычная воля кіраўнікоў дзяржаў, і Еўразійская эканамічная камісія напружана працуе над усімі гэтымі пытаннямі", - дадаў Нурсултан Назарбаеў.

Пасля пасяджэння прэзідэнты наведалі будынак Нацыянальнага тэатра оперы і балета ў Астане, які будуецца. Затым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у рабочым абедзе ад імя Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева.

29 мая 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-/22/21368
Текущая дата: 17.11.2024