Белорусский портал в Казахстане

На рынках Еўразійскага эканамічнага саюза павінны быць створаны роўныя ўмовы канкурэнцыі



Аб гэтым заявіў 24 жніўня старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч на пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі, дзе размова ішла аб ролі і задачах Савета Рэспублікі ў рэалізацыі прыярытэтаў, прадугледжаных асноўнымі палажэннямі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016-2020 гады.

"Неабходна забяспечыць гарманізацыю і ўніфікацыю нацыянальнага заканадаўства з заканадаўствам краін - удзельніц Еўразійскага эканамічнага саюза, - сказаў Міхаіл Мясніковіч. - Мы павінны абавязкова вырашыць гэту задачу, каб у нашых суб`ектаў гаспадарання былі роўныя ўмовы канкурэнцыі на рынках ЕАЭС".

Старшыня Савета Рэспублікі таксама адзначыў неабходнасць больш актыўнага пераходу ад таварнага супрацоўніцтва да вытворчай кааперацыі з краінамі - партнёрамі па ЕЭАС.

"Больш актыўнай павінна быць работа і ў сферы міжнародных адносін, удасканалення дагаворнай базы", - лічыць ён. Усё гэта будзе садзейнічаць перш за ўсё нарошчванню экспарту.

"У цэлым знешнеэканамічная дзейнасць запатрабуе ўдасканалення прававой базы праз прыняцце амаль 10 заканадаўчых актаў і, безумоўна, карэкціроўкі заканадаўства ў галіне імпартазамяшчэння", - дадаў Міхаіл Мясніковіч.

Аналізуючы асноўныя прыярытэты, прадугледжаныя палажэннямі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016-2020 гады, Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што беларуская мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця не з`яўляецца застылай і кансерватыўнай. З улікам аб`ектыўных фактараў ажыццяўляецца яе трансфармацыя.

"Тэмпы пераўтварэння пры гэтым не павінны адставаць ад знешніх выклікаў і ўнутраных запытаў. Ключавым фактарам з`яўляецца пераход эканомікі да больш рыначна арыентаванай мадэлі росту і матывацыі беларускіх грамадзян да дзелавой актыўнасці", - падкрэсліў старшыня Савета Рэспублікі.

24 жніўня 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-/3/36674
Текущая дата: 01.05.2024