Белорусский портал в Казахстане

Беларусь патрабуе ад Расіі скараціць з 13 красавіка колькасць авіярэйсаў у Мінск



Дэпартамент па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі накіраваў у Федэральнае агенцтва паветранага транспарту (Расавіяцыю) і Мінтранс Расіі ліст з патрабаваннем скараціць з 13 красавіка колькасць авіярэйсаў у Мінск з пяці да чатырох.

Як паведамляе расійскае выданне "КоммерсантЪ" са спасылкай на інфармаваную крыніцу, ліст з Мінска датаваны 3 красавіка і напісаны ва ўльтыматыўнай форме.

Паводле інфармацыі суразмоўцы, папераджальныя тэлеграмы аналагічнага зместу атрымалі таксама ўсе расійскія авіяперавозчыкі, якія працуюць на беларускім напрамку: "Аэрафлот" (штодзённа ажыццяўляе па тры рэйсы ў Мінск), "Сібір" і "ЮТэйр" (па адным рэйсе). Як вынікае з ліста, расійскі бок сам павінен вызначыць, у якой з гэтых кампаній забраць адзін рэйс. Атрыманне такога ліста пацвердзілі ў "Аэрафлоце".

У беларускіх ведамствах атрымаць каментарый пакуль не ўдалося. Разам з тым, як стала вядома БелаПАН, 4 красавіка кіраўнік дэпартамента па авіяцыі Мінтранса Вадзім Мельнік адправіўся ў Маскву, як мяркуецца, для перамоў па гэтай праблеме.

Нагадаем, 26 сакавіка на чатыры гадзіны былі спыненыя авіязносіны паміж Мінскам і Масквой. Гэта адбылося пасля таго, як Расавіяцыі адклікала дазвол на выкананне кампаніяй "Белавія" рэйсаў з Мінска і Масквы.

У той жа дзень на экстраннай прэс-канферэнцыі намеснік гендырэктара Нацыянальнай авіякампаніі "Белавія" Ігар Чаргінец растлумачыў сутнасць праблемы: расійскі бок, паводле яго слоў, хоча парушыць парытэт і выконваць пяць рэйсаў на дзень замест чатырох. Гэта, на думку беларускага боку, парушае пагадненне паміж урадамі Беларусі і Расіі ад 1997 года, якое прадугледжвае камерцыйны парытэт у авіязносінах паміж Мінскам і Масквой.

Паводле слоў Чаргінца, кампаніі "Белавія" фінансава нявыгадна арганізаваць яшчэ адзін, пяты, рэйс на дзень, бо сярэдняя загружанасць рэйсаў на Маскву не перавышае 55%. Планы Расіі павялічыць колькасць палётаў беларускі бок разглядае як спробу атрымаць перавагу на беларускім рынку авіяперавозак.

У сваю чаргу Мінтранс РФ заявіў, што дзейнае паміж Расіяй і Беларуссю пагадненне аб паветраных зносінах не адпавядае пагадненню аб агульнаэканамічнай прасторы і не адпавядае нормам Мытнага саюза.

29 і 30 сакавіка ў Маскве прайшлі перамовы прадстаўнікоў авіяцыйных улад Расіі і Беларусі, аднак дасягнуць кампрамісу бакам не ўдалося.

Па выніках перамоў Ігар Чаргінец паведаміў БелаПАН: бакі дамовіліся, што да 12 красавіка ўключна пералёты будуць ажыццяўляцца ў межах ранейшых дамоўленасцяў. "Да гэтай даты выдадзены дазволы і нам, і расійскім кампаніям", — паведаміў ён. На пытанне, што будзе пасля 12 красавіка, Чаргінец адказаць не змог. "Цяжка сказаць, што гэта будзе — чарговы раўнд перамоў або кансультацыі, або нейкія яшчэ метады ўзаемадзеяння", — сказаў намеснік гендырэктара "Белавія".

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 5 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-/34/13290
Текущая дата: 17.11.2024