Белорусский портал в Казахстане

Памочнік прэзідэнта РФ: Лідары краін АДКБ абмяркуюць у Маскве практычныя пытанні ваеннага супрацоўніцтва



Прэзідэнты Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана абмяркуюць шырокі пералік пытанняў аптымізацыі ў рамках Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) ваеннага, ваенна-тэхнічнага і інфармацыйнага супрацоўніцтва, рэагавання на надзвычайныя сітуацыі, барацьбы з наркатрафікам і тэрарызмам.

Аб гэтым паведаміў 18 снежня журналістам памочнік прэзідэнта Расіі Сяргей Прыходзька, перадае РІА Новости.

Чарговая сесія Савета калектыўнай бяспекі АДКБ пройдзе 20 снежня ў Маскве.

"Усяго ў парадак дня ўнесены 34 пытанні. Яны не носяць нейкага звышвострага характару, але рэгулююць лагістычныя, кадравыя пытанні, адлюстроўваюць пазіцыі савета АДКБ па некаторых міжнародных праблемах. У прыватнасці, ёсць такі пункт аб плане мерапрыемстваў па процідзеянні выклікам і пагрозам бяспецы, што зыходзяць з тэрыторыі Афганістана", — сказаў Прыходзька на брыфінгу.

У парадак сустрэчы ўвайшло абмеркаванне асноў інфармацыйнай палітыкі ў інтарэсах дзяржаў — членаў АДКБ, пытанняў вучэбна-метадычнай падрыхтоўкі Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання, іх дыслакацыі, забеспячэння, розных аспектаў адміністрацыйна-фінансавага забеспячэння дзейнасці арганізацыі.

На сесіі старшынства ва ўсіх статутных органах АДКБ пяройдзе ад Беларусі да Казахстана, які прадставіць сваё бачанне прыярытэтаў працы арганізацыі на 2012 год.

"Сесія будзе насіць, безумоўна, практычны характар. Па меры таго, як дзейнасць АДКБ набывае ўсё больш змястоўны і транспарэнтны для нашых партнёраў характар, па меры таго, як колькасць задач павялічваецца, ёсць неабходнасць гэта ўсё сістэматызаваць і на правільную прававую доўгатэрміновую аснову многія тэхнічныя пытанні перавесці", — дадаў памочнік прэзідэнта РФ.

Эксперты не выключаюць, што на саміце могуць быць узняты і спрэчныя пытанні — аб мандаце калектыўных сіл або магчымасці адходу АДКБ ад практыкі прыняцця рашэнняў па прынцыпе кансэнсусу.

БелаПАН
Мінск, 18 снежня 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-/36/11286
Текущая дата: 17.11.2024