Белорусский портал в Казахстане

Кыргызстан далучаецца да Мытнага саюза



Кіраўнікі ўрадаў краін Еўразійскай эканамічнай супольнасці прынялі рашэнне аб далучэнні Кыргызстана да Мытнага саюза, у які ўваходзяць Расія, Беларусь і Казахстан. Пра гэта паведаміў 19 кастрычніка падчас пасяджэння кіраўнікоў урадаў краін ЕўрАзЭС генеральны сакратар арганізацыі Таір Мансураў.

Паводле слоў Мансурава, зараз ствараецца рабочая група па гэтым пытанні, затым урад Кыргызстана плануе падаць свае прапановы па плане далучэння, і пасля прызначэння старшыні рабочай групы яна пачне працу.

Мансураў дадаў, што рабочая група плануе падаць даклад да пасяджэння Камісіі Мытнага саюза.

Акрамя таго, падчас пасяджэння ЕўрАзЭС было ўзгоднена, што антыкрызісны фонд супольнасці можа аказаць дапамогу Кыргызстану. "Створаны антыкрызісны фонд, частка яго рэсурсаў ужо пайшла на падтрымку эканомік Беларусі і Таджыкістана, і цяпер у вузкім складзе мы абмяркоўвалі неабходнасць такой падтрымкі ў дачыненні да Кыргызстана", — паведаміў на перамовах кіраўнік урада РФ Уладзімір Пуцін.

Кыргызстан афіцыйна звярнуўся з просьбай аб далучэнні да Мытнага саюза вясной 2011 года.

БелаПАН
Мінск, 19 кастрычніка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-/39/9953
Текущая дата: 16.11.2024