Белорусский портал в Казахстане

Слушныя рашэнні



Размовы пра пастаўкі казахстанскай нафты ў Беларусь — досыць доўгая песня. Казахстан здабывае больш як 80 млн тон чорнага багацця ў год. Да 2020 года разлічваюць выйсці на ўзровень 130 млн тон. Так што, магчымасцяў пастаўкі, у тым ліку і ў Беларусь, хапае. Справа за канкрэтнымі дамоўленасцямі.

— Беларускім бокам распрацаваны праект пагаднення па супрацоўніцтве ў галіне паставак нафты ў Беларусь, ён цяпер разглядаецца ў Казахстане, — паведаміў на сустрэчы з журналістамі пасол Казахстана ў Беларусі Анатоль Смірноў.

Ён увязвае магчымасць паставак з Адзінай эканамічнай прасторай. Пры яе наяўнасці ўсе нюансы паставак будуць узгадняцца ў тройцы. На думку дыпламата, рашэнне гэтага пытання магчымае налета. Слушнае, спадзяёмся.

Куды больш блізкая перспектыва — пазачарговыя выбары прэзідэнта Казахстана. Яны адбудуцца ўжо зусім хутка — трэцяга красавіка. Выказаць сваё рашэнне змогуць і грамадзяне гэтай краіны, якія знаходзяцца ў Беларусі. Выбарчы ўчастак будзе адкрыты ў пасольстве з 7 да 20 гадзін. Маніторынгам выбараў у Казахстане зоймецца шырокае кола міжнародных назіральнікаў. Як паведаміў пасол, іх ужо акрэдытавана больш за тысячу. Самыя прадстаўнічыя місіі, натуральна, ад СНД і АБСЕ. Сярод назіральнікаў, зразумела, будуць і беларусы.

У нашым двухбаковым узаемадзеянні дыпламат назваў прыярытэтным супрацоўніцтва з БелАЗам. Каля 1,8 тыс. машын ужо працуе на казахстанскіх землях. Прычым ідзе пастаўка не толькі тэхнікі, але і дэталяў — зборка, напрыклад, наладжаная ў Карагандзінскай вобласці.

— Мы настойваем на тым, каб ствараліся сэрвісныя цэнтры па абслугоўванні беларускай тэхнікі ў Казахстане, — акцэнтуе дыпламат.

На тэрыторыі яго краіны арганізавана больш за 80 сумесных прадпрыемстваў з Беларуссю. Казахстан зацікаўлены супрацоўнічаць з нашай краінай у перапрацоўчай прамысловасці, машынабудаўніцтве. Там ідзе зборка камбайнаў, трактароў і ліфтаў айчыннай вытворчасці. На нашым баку казахстанскі бок пакуль прадстаўлены не так шырока, але перспектывы ёсць. У беларускай сталіцы ўжо будуецца пяцізоркавы атэль, а таксама вядуцца перамовы наконт узвядзення забаўляльнага цэнтра і жылога мікрараёна.

Трагедыя ў Японіі, народ якой з нехарактэрнай для такой сітуацыі годнасцю вытрымлівае жахлівыя выпрабаванні, змушае пераглядаць сітуацыю ва ўсіх краінах. Галоўны ўрок, які выносіць казахстанскі дыпламат — "трэба мадэрнізаваць своечасова ўсе прадпрыемствы, не толькі АЭС". Ды наогул працаваць на найноўшым абсталяванні, выкарыстоўваць найноўшыя тэхналогіі.

— Слушнае рашэнне прынятае ў Беларусі, — рэзюмуе казахстанскі дыпламат, — з дапамогай Расійскай Федэрацыі будаваць АЭС.

І ў Казахстане, перакананы спадар Смірноў, наяўны праект узвядзення АЭС будзе мець свой працяг.

Ала Мачалава
Звязда
1 красавіка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-/48/5598
Текущая дата: 31.12.2024