Белорусский портал в Казахстане

З 1 студзеня юрыдычныя асобы краін Мытнага саюза павінны запаўняць мытныя дэкларацыі паводле новых правілаў



З 1 студзеня 2011 года юрыдычныя асобы краін Мытнага саюза (МС) Беларусі, Казахстана і Расіі павінны запаўняць мытныя дэкларацыі паводле новых правілаў.

З новага года ў МС пачала дзейнічаць адзіная структура электронных копій, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК) Беларусі. Калі раней у кожнай з краін МС была свая структура мытных дэкларацый, то цяпер яна адзіная, запаўняецца і кантралюецца згодна з аднымі правіламі і падаецца па адзінай форме, аднолькавай на тэрыторыі ўсіх трох краін. 

Такім чынам, з сённяшняга дня ўводзяцца новыя формы дэкларацый на тавары, транзітныя дэкларацыі, а таксама новыя класіфікатары, што выкарыстоўваюцца пры запаўненні мытных дэкларацый. 

Акрамя таго, у межах рашэнняў Камісіі Мытнага саюза ДМК Беларусі прыняў шэраг нарматыўных актаў аб электронных структурах і асаблівасцях запаўнення асобных графаў мытных дэкларацый. 

На афіцыйным сайце ДМК у раздзеле "Актуальная тэма" размешчана інфармацыя пра асноўныя змены, звязаныя з набыццём моцы рашэнняў Камісіі Мытнага саюза, а таксама з прыняццем ДМК пастановы ад 24 снежня № 48 "Аб некаторых пытаннях мытнага дэкларавання тавараў і змянення і (ці) дапаўнення звестак, заяўленых у дэкларацыі на тавары". 

Для аператыўнага кансультавання суб`ектаў знешнеэканамічнай дзейнасці ў сувязі з прынятымі зменамі ў ДМК з 1 па 6 студзеня з 9.00 да 18.00 будзе працаваць гарачая лінія на базе сітуацыйна-аналітычнага цэнтра мытных органаў. Шматканальны тэлефонны нумар гарачай лініі ў Мінску: 219-41-00.

Мінск, 1 студзеня 2011
Аляксей Арэшка, БелаПАН

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-/54/3551
Текущая дата: 16.11.2024