Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка: Мы не нахлебнікі



Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў пра гатоўнасьць выконваць функцыі забесьпячэньня бясьпекі саюзнай дзяржавы. Ён адзначыў, што Расея, у сваю чаргу, павінна дапамагаць Беларусі ў гэтай сфэры.

"Мы, вядома, будзем выконваць свае функцыі. Але мы іх можам выконваць толькі пры падтрымцы Расеі, ну, хоць бы ўзбраеньнем.

Гэта не падыход, калі нам часам прапаноўваюць купляць узбраеньне за свой кошт, ды яшчэ, як яны ўмеюць гаварыць, па рынкавых цэнах", — заявіў А. Лукашэнка, заслухоўваючы даклад аб пляне прымяненьня рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі, перадае Інтэрфакс.

Ён адзначыў, што "на гэтым кірунку Расея зацікаўленая ў тым, каб беларускае войска было ў парадку, таму трэба дапамагаць".

"Рашэньне аб прымяненьні рэгіянальнай групоўкі войскаў — гэта вельмі сур`ёзнае рашэньне, і яно павінна прымацца ў рамках Вышэйшага Дзяржсавету. Ніякія дакумэнты ў працоўным парадку я падпісваць ня буду. Так і перадайце міністру абароны і прэзыдэнту Расейскай Фэдэрацыі", — заявіў А. Лукашэнка.

Ён мяркуе, што гэты плян будзе зацьверджаны на бліжэйшым пасяджэньні Вышэйшага Дзяржсавету.

"Той уклад, які мы ўносім, забясьпечваючы бясьпеку ня толькі нашай краіны, але і братэрскай нам Расеі, дый ня толькі Расеі, — гэта вялікі ўклад у справу міру і бясьпекі <...> А так нас лічаць увесь час нахлебнікамі. Грамадзтва павінна ведаць, што мы не нахлебнікі, а выконваем настолькі важную функцыю па абароне тут, у тым ліку, і расейскай дзяржавы. Вось у чым праўда.

Мы сьвята выконваем свае функцыі па абароне, я лічыў і дагэтуль лічу, нашай агульнай Айчыны", — заявіў кіраўнік Беларусі.

Паводле А.Лукашэнкі, "з Расеяй мы будзем заўсёды разам, якія б катаклізмы ні адбываліся ".

22 лістапада 2010
Радыё Свабода

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-/59/2819
Текущая дата: 27.12.2024