Белорусский портал в Казахстане

Беларускія дэпутаты далі адказ Думе



Абедзьве палаты Нацыянальнага сходу Беларусі сёньня на супольным паседжаньні прынялі заяву, якая тычыцца беларуска-расейскіх дачыненьняў.

У дакумэнце адзначаецца, што апошнія падзеі ня ўпісваюцца ў лёгіку братэрскіх і саюзьніцкіх адносін, а таксама ўтрымліваюцца заклікі да канструктыўнага дыялёгу Масквы і Менску.

Адкрываючы паседжаньне, сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка сказаў, што яго неабходнасьць выкліканая «занепакоенасьцю падзеямі, якія разгортваюцца з падачы расейскіх СМІ». Ён згадаў аб «перадузятых выказваньнях некаторых расейскіх палітыкаў пра будучыя выбары ў Рэспубліцы Беларусь».

«Апошнім часам пад сумнеў ставяцца пытаньні стратэгічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі, — заявіў спадар Андрэйчанка. — З кантэксту выступаў кіраўніка дзяржавы вырываюцца асобныя выказваньні, якія тлумачацца ў нэгатыўным для Беларусі сьвятле».

Пры абмеркаваньні пытаньня выступілі 9 чалавек. Агульную думку, якая зьвязвала ўсе гэтыя выступы, выразна выказала сябра Савету Рэспублікі Антаніна Морава:

«Гэта сьвядома ствараюць такія фільмы, каб узьвесьці паклёп на прэзыдэнта. І калі паклёп накіраваны супраць беларускага прэзыдэнта, то гэта, канечне, паклёп і на ўвесь беларускі народ. Мы зрабілі свой выбар. І прэзыдэнт у нас усенародна абраны».

Яшчэ адна думка, якая дамінавала ў Авальнай залі: у канфлікце вельмі вінаватыя расейскія СМІ. Напрыклад, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Казак заявіў:

«Цалкам згодны з думкаю тых, хто выступаў да мяне. Яны крытычна ацэньваюць выступы расейскіх мэдыяў па пытаньнях беларуска-расейскіх дачыненьняў. Крыўдна чытаць на расейскіх сайтах, артыкулы ў расейскіх выданьнях, слухаць тэлевізійныя перадачы, у якіх існуюць ганебныя інсынуацыі на адрас беларускага кіраўніцтва, беларускага народу».

Сёньняшняя заява прымалася ў два этапы. Падчас абмеркаваньня яе праекту некалькі дэпутатаў сказалі, што ў іх ёсьць некаторыя прапановы да паляпшэньня дакумэнту. Таксама выказвалася пажаданьне правесьці пазачарговае паседжаньне Парлямэнцкага сходу Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, каб «паглядзець у вочы адзін аднаму». Згадвалася, што для інтэграцыі дзьвюх краін найбольш зрабілі менавіта парлямэнты. Таму было вырашана зрабіць перапынак на чатыры гадзіны.

А 16-й гадзіне сябры Нацыянальнага сходу зноў сабраліся ў Авальнай залі. Новы варыянт заявы меў усяго тры абзацы. Як адзначыў Уладзімер Андрэйчанка, дакумэнт атрымаўся больш стрыманым, ён аб’ектыўна адлюстроўвае стан беларуска-расейскіх дачыненьняў:

«Наша пазыцыя — ясная і зразумелая. Дзейнасьць усіх дзяржаўных інстытутаў, грамадзкіх арганізацыяў, СМІ павінна быць скіраваная не на разбурэньне таго, што так доўга і карпатліва стваралася не адным пакаленьнем нашых народаў, а на стварэньне і множаньне дасягнутага».

Беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў адзначае:

«Я ня згодны з тым, што найбольш прасунутае — парлямэнцкае супрацоўніцтва. Найбольш прасунутае — гэта вайсковае супрацоўніцтва. І менавіта яно можа быць фактарам стрымліваньня ў нэгатыўным разьвіцьці двухбаковых дачыненьняў.

Што тычыцца парлямэнтаў, то, як вядома, ужо і Дума ня ёсьць месца для спрэчак. А Нацыянальны сход — тым больш. Яны, вядома, могуць сабрацца, могуць сядзець насупраць і глядзець адзін аднаму ў вочы... Але з гэтага нічога не атрымаецца. Бо ні расейскі, ні беларускі парлямэнт самастойна рашэньняў не прымае. Рашэньні прымаюцца зусім у іншых месцах, і далейшыя дачыненьні будуць вырашацца менавіта ў тых месцах».


Заява Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пра беларуска-расейскія дачыненьні

Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь выражае занепакоенасьць у сувязі зь некаторымі тэндэнцыямі, якія апошнім часам праяўляюцца ў дачыненьнях між Рэспублікай Беларусь і Расейскай Фэдэрацыяй. Мы высока цэнім нашы саюзьніцкія адносіны, заўсёды лічылі і лічым нашы народы братэрскімі.

Шчыльнае гандлёвае, эканамічнае, фінансавае, культурнае, вайсковае супрацоўніцтва, усталяванае між Беларусьсю і Расеяй, спрыяе росту ўзроўню жыцьця нашых народаў і забесьпячэньню эканамічнай стабільнасьці абедзьвюх краін. Мы перакананыя ў неабходнасьці і пэрспэктыўнасьці пабудовы Саюзнай дзяржавы.

Разам з тым выклікае непрыняцьце кампанія па дыскрэдытацыі Кіраўніка беларускай дзяржавы, разгорнутая ў цэнтральных сродках масавай інфармацыі Расеі. Такія дзеяньні чыняць шкоду разьвіцьцю сяброўскіх дачыненьняў між нашымі краінамі й нашымі братэрскімі народамі.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь заклікаюць дэпутатаў Дзяржаўнай Думы і членаў Савету Фэдэрацыі Фэдэральнага Сходу Расейскай Фэдэрацыі аб’яднаць намаганьні і зрабіць усё магчымае для таго, каб узаемадачыненьні між нашымі краінамі ня выйшлі з канструктыўнага рэчышча. Мы ня маем права дапусьціць нават найменшай магчымасьці страціць усё тое, што было дасягнута ў будаўніцтве нашага агульнага дому намаганьнямі абодвух народаў.

Радыё Свабода
07 кастрычніка 2010
Уладзімер Глод


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-/64/2199
Текущая дата: 26.12.2024