Белорусский портал в Казахстане

"Супадзенне на 75 адсоткаў"



На гарачнасць расійскіх калег беларускія парламентарыі адказалі спакоем і ўзважанасцю

Ці маглі мы ўявіць яшчэ колькі часу таму, што камні і палкі пасыплюцца ў наш агарод з суседняга — расійскага? Наўрад ці. Слова "братэрскія" ў дачыненні да двухбаковых адносінаў стала ўжо проста штампам. Аднак, як кажуць, сяброўства сяброўствам, а тытунец паасобку... З`явілася мноства ўзаемных эканамічных прэтэнзій, пачаліся санітарныя "войны", а пасля і інфармацыйныя. І з кожнай сутычкай узровень "узбраенняў" павышаўся...

Прыняцце Дзярждумай заявы пра сітуацыю ў расійска-беларускіх адносінах пазбавіла рознагалоссе флёру кулуарнасці. Асноўны "мэсэдж" думскай заявы — гэта абвінавачванне беларускага кіраўніцтва ў антырасійскай рыторыцы з кан`юнктурных палітычных інтарэсаў падчас перадвыбарнай кампаніі. Вось дык заявачкі!..

Беларускія парламентарыі па-талстоўску не змаглі змаўчаць. Аператыўна сабраліся на сумеснае пасяджэнне дзвюх палат. Яго неабходнасць старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА патлумачыў заклапочанасцю парламентарыяў падзеямі, якія разварочваюцца апошнім часам з падачы цэнтральных расійскіх СМІ.

— Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў распаўсюджваюцца надуманыя абвінавачванні ў адрас кіраўніцтва Беларусі, — канстатуе спікер ніжняй палаты парламента. — Некаторыя расійскія палітыкі, апярэджваючы волевыяўленне беларускага народа, дазваляюць некарэктныя выказванні пра вынікі галасавання, якое хутка адбудзецца. Пад сумненне ставяцца пытанні стратэгічнага партнёрства дзвюх краін, сумесныя праекты, інтэграцыйныя сувязі, якія наладжваліся гадамі. З кантэксту выступленняў кіраўнікоў дзяржаў вырываюцца асобныя выказванні. Яны тлумачацца тэндэнцыйна, што негатыўна ўплывае на развіццё адносінаў паміж нашымі братэрскімі народамі.

Таму беларускі парламент не можа застацца ўбаку.

— Ніхто ў Беларусі не бярэ пад сумненне найвышэйшую каштоўнасць нашага супрацоўніцтва і братэрскіх адносінаў паміж нашымі народамі, — запэўнівае кіраўнік Палаты прадстаўнікоў. — Мы павінны зрабіць усё неабходнае, каб дзеянні парламентарыяў насілі канструктыўны характар і былі скіраваныя толькі на далейшае развіццё і паглыбленне інтэграцыйных працэсаў.

Ахвотных паўдзельнічаць у дыскусіі як ніколі шмат. Па ўсім адчуваецца, што гэты "ўдар кулаком па стале" ад расійскіх калег зачапіў парламентарыяў за жывое.

Дэпутат Марыя БІРУКОВА перакананая: беларускія і расійскія парламентарыі павінны зрабіць усё, каб перавесці адносіны дзвюх краін у канструктыўнае рэчышча, вярнуцца да будаўніцтва саюзных адносінаў на аснове пазітыву. Яна звяртае ўвагу на тое, што апошнія падзеі не ўпісваюцца ў логіку братэрскіх і саюзніцкіх сувязяў. Такія, як рэзкі рост цэнаў на энерганосьбіты, малочныя, цукровыя, мясныя ды іншыя гандлёвыя "войны", увядзенне пошлін на нафту ды нафтапрадукты, а таксама паклёпніцкая інфармацыя пра кіраўніцтва краіны. Усё гэта, на яе думку, "ставіць пад пагрозу беларуска-расійскія адносіны".

Тэму эканамічную разладу працягвае яе калега Мікалай КАЗАК. На яго думку, рознагалоссе найперш у гэтай плоскасці. А паколькі, як ён выказаўся, "грошы любяць цішыню", то і ўсе спрэчныя пытанні павінны вырашацца "не публічна, а ў цішы кабінетаў кампетэнтнымі асобамі". Ён заклікае расійскія СМІ ўстрымацца ад каментарыяў і запэўнівае, што кіраўніцтва нашых краін само разбярэцца ў наяўных праблемах.

Пра гатоўнасць працягнуць руку дапамогі і падставіць плячо сваёй найбліжэйшай суседцы, як гэта было і раней, заяўляе дэпутат Сяргей СЯМАШКА. Ён нагадвае пра ўдзел беларускіх выратавальнікаў у тушэнні пажараў на тэрыторыі Расіі. Пра тое, як расіяне ахвотна папраўляюць здароўе ў беларускіх санаторыях. "Прыязджайце да нас адпачываць!", — заклікае расійскіх грамадзян беларускі парламентарый. Беларусь можа не толькі аздаравіць жыхароў суседняй дзяржавы, але і падсілкаваць. "У нас сёлета неблагі ўраджай, і мы можам падзяліцца — пастаўляць у Расію зерне, бульбу, цукар, малако і малочныя прадукты".

Сваю задачу як дэпутата Уладзімір ЗДАНОВІЧ бачыць у тым, каб умацоўваць даўняе сяброўства двух народаў, "заснаванае не на грошах, а на шчырых пачуццях". Ён спадзяецца, што аднойчы пра бягучыя падзеі можна будзе згадваць як пра часовае непаразуменне.

А сенатар Анатоль НОВІКАЎ бачыць у заяве расійскіх калег спробу "аддзяліць беларускі народ ад абранага імі кіраўніка дзяржавы", што, на яго думку, не можа не абражаць нашых грамадзян.

Дэпутат Алег САКАДЫНЕЦ лічыць за лепшае не абменьвацца парламенцкімі заявамі, а правесці пасяджэнне саюзнага парламента, дзе можна было б разам усё абмеркаваць...

Аднак, нягледзячы на непрыхаванае хваляванне, якое выразна праслухоўвалася падчас выступленняў у Авальнай зале, да справы заканадаўцы падышлі з халоднай цвярозай разважлівасцю. А мо з праславутай беларускай памяркоўнасцю?.. Эмацыйна абмеркаваўшы расійскае пытанне, яны ўзялі тайм-аўт. На дапрацоўку распрацаванага праекта заявы ў адказ — аб беларуска-расійскіх адносінах. Каб канчаткова ўсё ўзважыць.

У чым ключавы пасыл "нашага адказу Чэмберлену"?

Узяўшы некалькі гадзін на роздум, замест таго, каб рубіць з пляча, беларускія заканадаўцы падрыхтавалі, паводле іх прызнання, больш мяккі і ўзважаны варыянт. Кіруючыся, відаць, мікеланджэлаўскім прынцыпам наконт таго, што дасканаласць дасягаецца не тады, калі няма чаго прыбавіць, а калі няма чаго больш адняць. Тэкст заявы атрымаўся мінімалістычны — як па аб`ёме, так і па праяўленых эмоцыях. Коратка і па справе.

— На мой погляд, рэдакцыя атрымалася вытрыманай, — дзеліцца з калегамі старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. — Наша пазіцыя выразная і зразумелая. Дзейнасць усіх дзяржаўных інстытутаў, грамадскіх арганізацый, СМІ павінна быць скіраваная не на разбурэнне таго, што так доўга і карпатліва стваралася не адным пакаленнем нашых народаў, а на стварэнне і прымнажэнне дасягнутага. Неабходная спакойная дзелавая гутарка, пошук кампрамісаў, нацэлены на вырашэнне сітуацыі, якая склалася, дзеля дабрабыту нашых грамадзян. Думаю, што такую пазіцыю падтрымае большасць насельніцтва як Беларусі, так і Расіі.

Паводле слоў дэпутата Марыі Біруковай, падчас дапрацоўкі былі ўлічаныя ўсе заўвагі, таму выніковы дакумент — гэта выражэнне агульнай узгодненай пазіцыі беларускага парламента. Таму, відаць, удасканалены варыянт заявы і падтрымалі адзінадушна ўсе 44 сенатары і 86 дэпутатаў, якія ўзялі ўдзел у сумесным пасяджэнні. А народная абранніца Валянціна ЛЯВОНЕНКА разлічвае, што лаканічны і вытрыманы дакумент, які атрымаўся на выхадзе, будзе заклікаць расійскіх калег да аналагічнага стаўлення — лаканічнага і вытрыманага. На іх "здаровы розум" спадзяецца і дэпутат Аляксандр ШАЦЬКО. Канчатковы тэкст, на думку Алега ВЯЛІЧКІ, носіць больш канструктыўны і спакойны характар. "Тое, чаго якраз не хапае сёння ў нашых адносінах, гэта я ўжо як доктар дадам". На яго думку, беларускі парламент такім чынам зрабіў "жэст добрай волі", маўляў, "мы гатовыя на кампрамісы, гатовыя сустракацца і абмяркоўваць праблемы, і Парламенцкаму сходу Саюза Беларусі і Расіі, відаць, трэба больш актыўна ўдзельнічаць у гэтым працэсе".

Цікавымі назіраннямі падзяліўся з журналістамі кіраўнік Савета Рэспублікі Анатоль РУБІНАЎ. Паводле яго слоў, пазіцыі парламентаў абедзвюх дзяржаў, выказаныя ў заявах, супадаюць на 75 адсоткаў.

— Мы ўсе перакананыя ў неабходнасці далейшай пабудовы Саюзнай дзяржавы і ўмацавання сяброўскіх адносін. Мы братэрскія народы, і ні ў якім разе нельга дапускаць, каб паміж намі ўзнікла сур’ёзнае рознагалоссе і непаразуменне.

Спікер пры гэтым акцэнтуе, што беларускі парламент сітуацыю не драматызуе. "Ніякай надзвычайшчыны тут няма", — запэўнівае ён. Маўляў, можна было б і не рабіць ніякіх заяў, проста, на яго думку, "беларускі народ не зразумеў бы, калі б Нацыянальны сход не выказаў сваю пазіцыю ў такой сітуацыі". А з цягам часу, верыць ён, усё само супакоіцца...

У прынятым дакуменце айчынны парламент выражае занепакоенасць у сувязі з некаторымі тэндэнцыямі, якія апошнім часам праяўляюцца ў адносінах паміж дзвюма краінамі. "Мы высока цэнім нашы саюзніцкія адносіны, заўжды лічылі і лічым нашы народы братэрскімі. Цеснае гандлёвае, эканамічнае, фінансавае, культурнае, ваеннае супрацоўніцтва, усталяванае паміж Беларуссю і Расіяй, садзейнічае росту ўзроўню жыцця нашых народаў і забеспячэнню эканамічнай стабільнасці абедзвюх краін. Мы перакананыя ў неабходнасці пабудовы Саюзнай дзяржавы", — паведамляюць у сваёй заяве заканадаўцы. "Разам з тым выклікае непрыманне кампанія па дыскрэдытацыі кіраўніка беларускай дзяржавы, разгорнутая ў цэнтральных сродках масавай інфармацыі Расіі. Такія дзеянні наносяць шкоду развіццю сяброўскіх адносін паміж нашымі краінамі і нашымі братэрскімі народамі". У прынятым дакуменце беларускія парламентарыі заклікаюць расійскіх калег аб`яднаць намаганні і зрабіць усё магчымае для таго, каб узаемаадносіны паміж нашымі краінамі не выйшлі з канструктыўнага рэчышча. "Мы не маем права дапусціць нават найменшай магчымасці страціць усё тое, што было дасягнута ў будаўніцтве нашага агульнага дома намаганнямі абодвух народаў", — сказана ў заяве.

Здаецца, вычарпальна — ні прыбавіць, ні адняць...

Зоя ВАРАНЦОВА
Звязда

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-/64/2227
Текущая дата: 26.12.2024