Белорусский портал в Казахстане

У ЕАЭС распрацавалі канцэпцыю стварэння сістэмы лічбавых транспартных калідораў



Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК) завяршыла распрацоўку канцэпцыі стварэння экасістэмы лічбавых транспартных калідораў (ЭЛТК) Еўразійскага эканамічнага саюза, паведамілі ў прэс-службе ЕЭК.

"Сутнасць канцэпцыі ў стварэнні адкрытай экасістэмы транспартна-лагістычных інфармацыйных сэрвісаў на базе перадавых лічбавых тэхналогій і платформенных рашэнняў, у тым ліку ўжо існуючых, якія забяспечваюць эфектыўнае ўзаемадзеянне перавозчыкаў і грузаўладальнікаў ва ўсіх пяці дзяржавах - членах ЕАЭС, а таксама з трэціх краін", - адзначылі ў прэс-службе.

Распрацоўшчыкамі праекта выступілі беларускі Інстытут прыкладных праграмных сістэм, Аналітычны цэнтр пры Урадзе Расіі і казахстанскае АТ "Транстэлекам".

"Стварэнне экасістэмы лічбавых транспартных калідораў ЕАЭС накіравана на вырашэнне задач у сферы эфектыўнасці выкарыстання назапашанага транспартна-лагістычнага патэнцыялу саюза, у тым ліку транзітнага. Гэта першы этап убудоўвання ў глабальныя лічбавыя транспартныя калідоры", - падкрэсліла член Калегіі (міністр) па ўнутраных рынках, інфарматызацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях ЕЭК Карынэ Мінасян.

Распрацоўшчыкам была пастаўлена задача вызначыць механізмы скарачэння часу ў дарозе пры перавозках, зніжэння прастояў транспарту і адміністрацыйных выдаткаў, у тым ліку з дапамогай змянення падыходаў да мадэлей кіравання, заснаваных на ўкараненні лічбавых тэхналогій. Але пры гэтым бізнес не павінен падмяняцца дзяржаўнымі структурамі.

"Такая задача ў цэлым выканана", - лічыць міністр ЕЭК. Цяпер на рынку краін ЕАЭС дзейнічаюць адзінкавыя разрозненыя сегменты інфармацыйных сістэм перавозак, ЭЛТК прызначана аб`яднаць іх разам, зрабіўшы працэс перавозкі максімальна празрыстым, эфектыўным і зразумелым для карыстальнікаў самага рознага ўзроўню: ад грузаўладальнікаў і грузаперавозчыкаў да кантрольна-наглядных органаў.

Пры гэтым праект зыходзіць з прынцыпу нацыянальнага суверэнітэту даных. ЭЛТК дасць магчымасць аптымізаваць працэсы перавозкі і дэкларавання грузаў, мінімізаваць бар`еры і павысіць канкурэнтаздольнасць добрасумленных удзельнікаў перавозачнага працэсу, у тым ліку за кошт вызначэння найбольш аптымальных маршрутаў і ўмоў перавозкі, выкарыстання электронных дакументаў, аптымізацыі функцый дзяржаўных кантралюючых органаў, папярэдняга браніравання чаргі на міжнародным аўтамабільным пункце пропуску і фарміравання адзінага інфармацыйнага асяроддзя, у тым ліку на наднацыянальным узроўні.

У выніку павінны істотна знізіцца адміністрацыйныя і часавыя затраты перавозчыкаў, вырасці скорасць абарачальнасці грузаў.

Паводле даных ЕЭК, аўтамабільны транспарт забяспечвае ў краінах еўразійскай "пяцёркі" каля 82 працэнтаў агульнага аб`ёму перавозак грузаў транспартам (без уліку трубаправоднага).

Чакаецца, што пры рэалізацыі праекта ЭЛТК на міжнародных транспартных перавозках, пачынаючы з 2022 года, гадавы прабег у разліку на кожны транспартны сродак вырасце ў сярэднім на 20 працэнтаў (за кошт зніжэння невытворчых прастояў).

Рост гадавой выручкі на адзін аўтамабіль можа скласці ў сярэднім да 12 тысяч еўра. Праект прадугледжваецца рэалізаваць у тры этапы да 2025 года.

У рамках ЭЛТК плануецца максімальна выкарыстоўваць ужо існуючыя або распрацоўваемыя камерцыйныя і дзяржаўныя платформы: сістэмы мытных органаў саюза, дзяржаўныя платформы транспартных комплексаў краін ЕАЭС, сістэмы спагнання платы за выкарыстанне аб`ектаў транспартнай інфраструктуры, камерцыйныя лагістычныя платформы і экспедытарскія сэрвісы, аўтаматызаваныя сістэмы перавозчыкаў і сэрвісы лагістычных цэнтраў, фінансавыя і страхавыя сэрвісы.

Да іх будуць дабаўлены і новыя элементы сістэмы, якія плануецца апрабаваць у рэжыме пілотных праектаў. Запуск такіх праектаў плануецца пасля іх разгляду на Савеце ЕЭК з удзелам віцэ-прэм`ераў краін ЕАЭС.

19 чэрвеня 2019, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-/7/48491
Текущая дата: 15.11.2024