Пра гэта паведаміла прэс-служба ЕЭК.
1 студзеня 2017 года ў адпаведнасці з тэхнічным рэгламентам Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) "Аб бяспецы колавых транспартных сродкаў" набывае моц патрабаванне аб абавязковым аснашчэнні аўтамабіляў у саюзных краінах прыладамі выкліку экстранных аператыўных службаў.
Гаворка ідзе пра машыны, якія выпускаюцца ў ЕАЭС і належаць да тыпу, ацэнка адпаведнасці якога не была праведзеная да названай даты. Патрабаванне не распаўсюджваецца на аўтамабілі, якія знаходзіліся ў эксплуатацыі да ўваходжання ў сілу новай нормы.
Пры гэтым у дачыненні да машын, што ўвозяцца фізічнымі асобамі з трэціх краін, дзейнічаюць тыя ж патрабаванні. "Грамадзянам, якія жадаюць у прыватным парадку ўвезці ў ЕАЭС пасля 1 студзеня 2017 года транспарт (як новы, так і былы ва ўжыванні), неабходна памятаць, што, напрыклад, легкавы аўтамабіль павінен мець убудаваную працаздольную сістэму выкліку экстранных аператыўных службаў", — гаворыцца ў паведамленні ЕЭК.
У выпадку аварыі усталяванае на машыне абсталяванне ў аўтаматычным рэжыме або пры націску трывожнай кнопкі інфармуе адпаведныя службы. Атрымаўшы сігнал, яны максімальна хутка накіроўваюць свае брыгады, у тым ліку медыцынскую, на месца здарэння. Выконваецца правіла так званай залатой гадзіны, калі пацярпелы мае найбольшыя шанцы на выжыванне.
Прэс-служба адзначае, што большасць тыпаў транспартных сродкаў, якія выпускаюцца ў абарачэнне ў дзяржавах ЕАЭС, прайшлі пацвярджэнне згодна з новым патрабаваннем. Так, паводле інфармацыі Мінпрамгандлю Расіі, да 20 снежня гэтага года ўсе асноўныя аўтамабільныя брэнды — ад масавага сегмента (Lada, Hyundai, KIA, Renault, Volkswagen і інш.) да прэміяльнага (BMW, Mercedes, Porsche, Bentley, Rolls Royce і інш. ), якія пастаўляюць сваю прадукцыю ў саюз, — завяршылі альбо завяршаюць аснашчэнне аўтамабіляў трывожнай сістэмай.
У Еўрасаюзе аналагічныя патрабаванні ўводзяцца толькі ў красавіку 2018 года. Але многія сусветныя брэнды ўжо ўсталявалі на вырабленыя імі аўто абсталяванне, прызначанае для працы адпаведных сістэм.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 29 снежня 2016
Мінск, 29 снежня 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-0/10/38213
Текущая дата: 26.12.2024