Белорусский портал в Казахстане

Харчовыя дабаўкі па заніжаным кошце спрабавалі завезці на тэрыторыю ЕАЭС



Партыю комплексных харчовых дабавак па заніжаным у пяць разоў кошце спрабавалі незаконна ўвезці з Польшчы на тэрыторыю ЕАЭС, паведамляе Брэсцкая мытня.

Грузавы аўтамабіль DAF на польскіх нумарах накіроўваўся праз пункт пропуску «Казловічы». Згодна з прадстаўленымі кіроўцам да афармлення дакументамі, у аўтацягніку знаходзіўся груз на суму больш за Br80 тыс. Пры даглядзе транспартнага сродку супрацоўнікі мытні ўстанавілі, што рэальны кошт перамяшчанага тавару ў пяць разоў большы за заяўлены і складае каля Br400 тыс. Такім чынам на выплаце мытных плацяжоў перавозчык спрабаваў зэканоміць каля Br60 тыс.

Брэсцкая мытня пачала адміністрацыйны працэс у адпаведнасці з ч. 3 арт. 15.5 (недэклараванне альбо прадстаўленне недакладных звестак аб таварах) КаАП. Санкцыя артыкула прадугледжвае накладанне штрафу ў памеры да 30% ад кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.

Звязда, 4 ліпеня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-0/3/69967
Текущая дата: 25.12.2024