Белорусский портал в Казахстане

Краіны МС пацвердзілі гатоўнасць да ўвядзення абавязковага папярэдняга інфармавання аб увозе тавару аўтатранспартам



Аб гэтым паведаміла прэс-служба Федэральнай мытнай службы Расіі.

Краіны — удзельніцы Мытнага саюза пацвердзілі гатоўнасць да ўвядзення з 17 чэрвеня абавязковага папярэдняга інфармавання аб увозе тавараў аўтатранспартам. Пра гэта было заяўлена на пасяджэнні аб`яднанай калегіі мытных служб дзяржаў — членаў МС, якое прайшло 7 чэрвеня ў Таганрогу (Расія).

Новаўвядзенне заклікана аблегчыць працэс мытнага афармлення і скараціць час знаходжання на мытні ўдзельнікаў знешнеэканамічнай дзейнасці. Як адзначыў кіраўнік ФМС Расіі Андрэй Бельянінаў, на стадыі падрыхтоўкі да ўвядзення папярэдняга інфармавання зроблена ўсё, каб не было чэргаў і затораў на пунктах пропуску.

Нагадаем, пад гэтую працэдуру не падпадаюць тавары і транспартныя сродкі, што перамяшчаюцца фізічнымі асобамі для асабістага карыстання, тавары, якія перасылаюцца ў міжнародных паштовых адпраўленнях, тавары, што перавозяцца дыпламатамі, грузы і транспарт, якія перамяшчаюцца для ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў, аварый і катастроф, воінскія грузы.

Акрамя таго, пакуль адкладаецца ўвядзенне абавязковага інфармавання пра тавары, якія перавозяцца іншымі відамі транспарту (паветраным, чыгуначным, водным), з-за складанасцяў тэхналогіі, асабліва ў марскіх портах.

Падчас пасяджэння Бельянінаў адзначыў, што сёння Мытны саюз Беларусі, Казахстана і Расіі стаў рэальным інтэграцыйным аб`яднаннем, якое заснавана на адзінай сістэме тарыфнага і нетарыфнага рэгулявання, адзіным мытным заканадаўстве. Задача мытных службаў, паводле яго слоў, зрабіць так, каб мытныя працэдуры і тэхналогіі былі аднолькавыя ў любой кропцы МС. Аднак патрабаванні нацыянальных заканадаўстваў дзяржаў — членаў Мытнага саюза адрозніваюцца, і ўвесь мінулы год мытныя службы трох дзяржаў актыўна працавалі над іх збліжэннем. Аднак у залежнасці ад інтэнсіўнасці будаўніцтва Адзінай эканамічнай прасторы гэтыя адрозненні будуць памяншацца.

Наступнае пасяджэнне аб`яднанай калегіі мытных служб дзяржаў — удзельніц Мытнага саюза адбудзецца ў верасні 2012 года ў Казахстане.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 9 чэрвеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-0/32/14529
Текущая дата: 24.11.2024