Белорусский портал в Казахстане

Сёння ў Маскве пройдзе саміт ЕўрАзЭС



19 сакавіка ў Маскве адбудзецца саміт Еўразійскай эканамічнай супольнасці (ЕўрАзЭС).

Як паведамляе прэс-служба Крамля, прэзідэнты Расіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана абмяркуюць перспектывы інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы, уключаючы планы развіцця ЕўрАзЭС.

На сустрэчы таксама будуць прысутнічаць лідары Арменіі, Малдовы і Украіны — дзяржаў, якія маюць статус назіральнікаў пры супольнасці.

Аляксандр Лукашэнка накіраваўся ў Расію 18 сакавіка, пра што паведаміла яго прэс-служба.

Сённяшняя сустрэча будзе першай у такім фармаце пасля таго, як 1 студзеня 2012 года запрацавала новае на постсавецкай прасторы інтэграцыйнае аб`яднанне — Адзінай эканамічнай прастора (АЭП) Беларусі, Казахстана і Расіі.

"Сённяшняя сустрэча мае вялікае значэнне для далейшага ходу еўразійскай эканамічнай інтэграцыі. Чакаецца, што лідары дзяржаў-членаў прымуць рашэнні, якія ўдакладняюць контуры будучых рэгіянальных інтэграцыйных працэсаў", — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы Крамля.

Чакаецца, што ўдзельнікі саміта прымуць рашэнне аб базавых прынцыпах праекта дагавора, які прадугледжвае пераўтварэнне ЕўрАзЭС у новае інтэграцыйнае аб`яднанне. Дамоўленасць пра гэта была дасягнута на папярэднім саміце 19 снежня 2011 года ў Маскве.

"Рашэнні пасяджэння кіраўнікоў дзяржаў закліканы надаць новы імпульс інтэграцыйным працэсам на еўразійскай прасторы", — сказана ў прэс-рэлізе.

Акрамя таго, на саміце будуць разгледжаныя пытанні пачатку работы Еўрапейскай эканамічнай камісіі — наднацыянальнага органа, які з 1 лютага пачаў кіраваць інтэграцыйнымі працэсамі ў фармаце "тройкі", што стварыла Мытны саюз і АЭП.

Удзельнікі сустрэчы абмяркуюць такія аспекты інтэграцыі, як уніфікацыя пашпартна-візавага кантролю ў дзяржавах-членах Мытнага саюза, нацэленая на забеспячэнне свабоднага перамяшчэння грамадзян па тэрыторыі трох краін.

Дагавор аб заснаванні ЕўрАзЭС быў падпісаны 10 кастрычніка 2000 года ў Астане і набыў моц  30 мая 2001 года. Членамі Еўразійскай эканамічнай супольнасці з моманту яе ўтварэння з`яўляюцца пяць дзяржаў — Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.

З мая 2002 года статус назіральнікаў пры ЕўрAзЭС маюць Украіна і Малдова, са студзеня 2003 года — Арменія. Статус назіральнікаў таксама маюць Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт і Еўразійскі банк развіціця.

Трое з членаў ЕўрАзЭС — Беларусь, Казахстан і Расія — утварылі Мытны саюз (МС), які прадугледжвае адмову ад пошлін і большасці іншых абмежаванняў ва ўзаемным гандлі, а таксама ўніфікацыю правілаў гандлю з трэцімі краінамі.

З 1 студзеня 2012 года "тройка" стварыла АЭП, якая па сутнасці павінна стаць агульным рынкам са свабодным рухам тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы, гарманізацыяй прававых норм, правядзеннем узгодненай падатковай, грашова-крэдытнай, валютна-фінансавай, гандлёвай і мытнай палітыкі.

Для кіраўніцтва інтэграцыйнымі працэсамі ў фарматах МС і АЭП сфарміравана Еўразійская эканамічнай камісія. Камісія размяшчаецца ў Маскве, яе ўзначаліў Віктар Хрыстэнка, былы міністр прамысловасці і гандлю РФ.

Далучэнне да інтэграцыйных структур трох краін іншых дзяржаў, уключаючы партнёраў па  ЕўрАзЭС (Кыргызстан і Таджыкістан), лідары "тройкі" лічаць магчымым, але ўвязваюць з гатоўнасцю іх эканомік выконваць патрабаванні існуючай дагаворна-прававой базы.

Між тым, 18 сакавіка, напярэдадні паездкі ў Маскву, украінскі лідар Віктар Януковіч у інтэрв`ю тэлеканалу "Россия 24" заявіў: Кіеў пакуль не гатовы прыняць рашэнне аб уваходжанні ў ЕўрАзЭС, але не выключае такой магчымасці.

"Мы не гатовы на сёння даць канкрэтны адказ", — адказаў Януковіч на пытанне аб перспектывах уваходжання ў ЕўрАзЭС Украіны, якая на сёння з`яўляецца краінай-назіральніцай у арганізацыі. — Гэта інтэграцыйны працэс, з яго Украіна выпала амаль на пяць гадоў. І паколькі мы вельмі моцна адсталі, мы пакуль не разумеем, як мы можам увайсці, працэдурна ўвайсці, у гэты працэс. Для нас пакуль незразумелыя ўмовы ўваходжання ў ЕўрАзЭС, наколькі яны адпавядаюць нашым інтарэсам".

Паводле слоў Януковіча, вялікая верагоднасць таго, што інтэграцыйнаму шляху Украіны будуць перашкаджаць апаненты.

Пры гэтым ён дадаў: пасля таго, як з`явіцца адказ на пытанне, як удзел у ЕўрАзЭС паўплывае на суверэнітэт краіны, магчыма, будзе прынятае рашэнне аб уваходжанні Украіны ў арганізацыю.

Паводле слоў Януковіча, без адказу пакуль застаюцца і іншыя пытанні — напрыклад, як менавіта членства Расіі ў СГА зменіць адносіны ўнутры ЕўрАзЭС. "Мы гэтага пакуль не ведаем. Прагноз, хацелася б, каб быў добры", — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.

"Каб рухацца па шляху інтэграцыі, мы павінны мець падставы, а іх мы пакуль не бачым", — рэзюмаваў Януковіч.

БелаПАН
Мінск, 19 сакавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-0/34/12855
Текущая дата: 24.11.2024