Белорусский портал в Казахстане

Герман Грэф: Расія і Казахстан лепш гатовыя да інтэграцыі ў рамках АЭП, чым Беларусь



Расія і Казахстан лепш гатовыя да інтэграцыі ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы, чым Беларусь, лічыць кіраўнік Ашчаднага банка Герман Грэф.

"Я думаю, што інтэграцыя Расіі і Казахстана значна больш падрыхтаваная. Інтэграцыя з Беларуссю патрабуе яшчэ вельмі вялікага аб`ёму сумеснай працы. Калі гэтую работу не правесці, то, мне здаецца, мы можам атрымаць не заўсёды той эфект, які мы чакаем", — сказаў 14 кастрычніка Грэф на прэс-канферэнцыі ў Алматы, перадае РІА Новости.

Тым не менш, лічыць ён, у рамках АЭП "працэсы інтэграцыі і збліжэння ідуць поўным ходам".

"Самае галоўнае ў гэтых працэсах, каб збліжаліся суб`екты з адзінымі прынцыпамі палітыкі, што праводзіцца", — падкрэсліў кіраўнік Ашчаднага банка.

Ён нагадаў "лёс больш сталага ўтварэння — Еўрасаюза". "Мы бачым, як там не сінхранізаваныя прынцыпы палітыкі прыводзяць да таго, што нарастаюць дэзінтэграцыйныя працэсы", — патлумачыў Грэф.

Кіраўнік Ашчаднага банка РФ падкрэсліў, што "трэба дакладна разумець, што гэта адказнасць усіх нацыянальных урадаў па правядзенні адзіных прынцыпаў эканамічнай палітыкі, якія часам супярэчаць сённяшняму эканамічнаму курсу".

Грэф лічыць, што ў рамках СНД "вельмі розныя палітычныя трэнды, якія перашкаджаюць эканамічнай інтэграцыі". "На жаль, дэзінтэграцыя нарастае", — канстатаваў ён.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 14 кастрычніка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-0/39/9825
Текущая дата: 24.11.2024