Белорусский портал в Казахстане

Камісія Мытнага саюза абмяркуе сёння падрыхтоўку да адмены 1 ліпеня кантролю на міждзяржаўных межах Беларусі, Казахстана і Расіі



Пытанні падрыхтоўкі да адмены 1 ліпеня мытнага, транспартнага, санітарнага, ветэрынарнага і фітасанітарнага кантролю на міждзяржаўных межах Беларусі, Казахстана і Расіі будуць абмяркоўвацца 22 чэрвеня ў Маскве на 28-м пасяджэнні Камісіі Мытнага саюза (МС).

Як паведамляе афіцыйны сайт Камісіі МС, удзельнікі пасяджэння плануюць, у прыватнасці, абмеркаваць палажэнне аб адзіным парадку кантролю ўвозу на мытную тэрыторыю МС і вывазу з яе тавараў, якія ліцэнзуюцца, а таксама формы пасведчання аб дапушчэнні транспартнага сродку міжнароднай перавозкі да перавозкі тавараў пад мытнымі пломбамі і пячаткамі і парадку яго выдачы і выкарыстання.

Апрача таго, будуць разгледжаны адзіныя тыпавыя патрабаванні да абсталявання і матэрыяльна-тэхнічнага аснашчэння будынкаў, памяшканняў і збудаванняў, неабходных для арганізацыі пагранічнага, мытнага, санітарна-каранціннага, ветэрынарнага, фітасанітарнага і транспартнага кантролю, што ажыццяўляецца на пунктах пропуску на знешняй мяжы дзяржаў — членаў МС.

Апрача таго, на пасяджэнні плануецца абмеркаваць праект пратакола аб змене Пагаднення аб вызначэнні мытнага кошту тавараў, што перамяшчаюцца цераз мытную мяжу МС, дакумента аб далучэнні дзяржаў МС да Канвенцыі аб спрашчэнні фармальнасцяў у гандлі таварамі 1987 года і Канвенцыі аб працэдуры агульнага транзіту 1987 года.

Будуць таксама разгледжаны праекты зменаў у  Палажэнне аб адзіным парадку ажыццяўлення ветэрынарнага кантролю на мытнай мяжы і мытнай тэрыторыі МС, Палажэнне аб адзіным парадку правядзення сумесных праверак аб`ектаў і адбору проб тавараў, што падлягаюць ветэрынарнаму кантролю, Адзіны пералік тавараў, што падлягаюць ветэрынарнаму кантролю і Адзіныя ветэрынарныя патрабаванні, што выстаўляюцца да тавараў, якія падлягаюць ветэрынарнаму кантролю.

Удзельнікі пасяджэння таксама маюць намер абмеркаваць пытанні мытна-тарыфнага і нетарыфнага рэгулявання, распаўсюджання спецыяльных абаронных, антыдэмпінгавых, кампенсацыйных мер і мер у адказ на адзіную мытную тэрыторыю.

Мытны саюз Беларусі, Казахстана і Расіі быў створаны 6 ліпеня 2010 года, калі ўвайшоў у сілу новы Мытны кодэкс краін — удзельніц МС. З 1 ліпеня 2011 года, згодна з рашэннем Міждзяржсавета ЕўрАзЭС (вышэйшага органа МС), мытны, транспартны, санітарна-каранцінны, ветэрынарны, фітасанітарны кантроль павінен быць перанесены на знешнюю мяжу Мытнага саюза. Да 2012 года Беларусь, Казахстан і Расія плануюць стварыць Адзіную эканамічную прастору.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 22 чэрвеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-0/43/7405
Текущая дата: 24.11.2024