Белорусский портал в Казахстане

Апытанне: кожны пяты расіец дрэнна ставіцца да Лукашэнкі



Амаль палова расійцаў (47%) лічаць, што паміж Масквой і Мінскам у цяперашні час склаліся дрэнныя адносіны. Пра гэта сведчаць вынікі ўсерасійскага апытання, праведзенага фондам "Грамадская думка".

Пры гэтым, толькі 16% рэспандэнтаў ахарактарызавалі расійска-беларускія адносіны як добрыя, а кожны пяты расіец заявіў, што негатыўна ставіцца да прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле дадзеных даследавання, у паляпшэнне сітуацыі верыць 20% расійцаў, 8% прытрымліваюцца супрацьлеглага меркавання. Кожны чацверты рэспандэнт (25%) упэўнены, што адносіны дзвюх краін не зменяцца і праз год. 47% не змаглі адказаць, перадае Корреспондент.net.

Адказваючы на пытанне, чаму ў Масквы і Мінска паўсталі праблемы, 12% расійцаў заявілі, што ва ўсім вінаваты прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які "вядзе няслушную палітыку ў дачыненні да РФ". Яшчэ па 6% рэспандэнтаў лічаць, што "ўлады дзвюх краін не могуць знайсці агульную мову" і што прычына хаваецца ў "газавым канфлікце".

У якасці прычын таксама называліся ўнутраная палітыка Лукашэнкі, яго палітычная гульня напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, а таксама дзеянні расійскіх уладаў.

Гаворачы пра сваё стаўленне да Лукашэнкі, 57% грамадзян РФ паведамілі, што ён ім абыякавы. 20% ставяцца да яго дрэнна, 12% - добра, а 1% не ведае, хто гэта.

Нагадаем, 3 кастрычніка прэзідэнт РФ Дзмітры Мядзведзеў у сваім відэаблогу абвінаваціў прэзідэнта Беларусі ў тым, што той спрабуе зрабіць Расію адным з галоўных ворагаў сваёй краіны.

На наступны дзень Крэмль выступіў з афіцыйнай заявай аб тым, што адносіны з кіраўніцтвам Беларусі зайшлі ў тупік. 6 кастрычніка Дзярждума РФ прыняла заяву, у якой заклікала Мінск не падрываць саюзніцкія стратэгічныя адносіны дзеля "кан`юнктурных палітычных інтарэсаў". У адказ дэпутаты парламенту Беларусі заклікалі сваіх расійскіх калегаў зрабіць усё магчымае, каб ўзаемаадносіны дзвюх краін заставаліся ў канструктыўным рэчышчы.

Тэлеграф.by
14 кастрычніка 2010 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-0/63/2309
Текущая дата: 24.11.2024