Белорусский портал в Казахстане

Аб пошлінах на ўвоз легкавых аўто



Пошліны на ўвоз фізасобамі легкавых аўто Ў Беларусі не зменяцца да 1 ліпеня 2011 года.

У гэтым пераканалі журналістаў напярэдадні прафесійнага свята прадстаўнікі Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі (далей — ДМК).

— Мы не прагназуем змены мытных пошлін на легкавыя аўтамабілі, якія ўвозяцца на тэрыторыю Беларусі грамадзянамі для асабістага карыстання, да ліпеня наступнага года, — заявіў намеснік старшыні ДМК Сяргей БАРЫСЮК. — Названая дата прапісана ў пратаколе, прынятым 5 ліпеня 2010, якімі кіруюцца краіны-саюзніцы. Тым больш, што ў нас адсутнічаюць звесткі па магчымым змяненні гэтай даты.

Начальнік прававога ўпраўлення ДМК Аляксандр АДЭРЭЙКА дадаў, што Беларусь не мае магчымасці ў аднабаковым парадку змяніць устаноўленую дату.

— Пытанне зменаў мытных ставак на тыя ці іншыя тавары ўнутры Мытнага саюза вырашаецца толькі пры ўзгадненні яго з усімі краінамі Мытнага саюза, — падкрэсліў ён. — Дарэчы, работа па фарміраванні дагаворна-прававой базы функцыянавання Мытнага саюза ўжо набліжаецца да фінішу.

Прадстаўнікі ДМК таксама адзначылі, што сёлета баланс увозу легкавых аўтамабіляў у Беларусь змяніўся ў бок фізасобаў. У доказ сваіх слоў прывялі статыстыку. За 8 месяцаў гэтага года юрыдычныя і фізічныя асобы ўвезлі на тэрыторыю рэспублікі 133 тысячы легкавых аўтамабіляў, з іх 128 тысяч — увезена фізасобамі.

Закранулі на канферэнцыі і пытанне абмежаванняў па колькасці і кошту іншых тавараў, якія ўвозяцца на тэрыторыю рэспублікі фізасобамі. Яны, як адзначыў Сяргей Барысюк, у першую чаргу накіраваны на барацьбу з "шэрым" імпартам.

— Гаварыць аб узмацненні жорсткасці парадку ўвозу грамадзянамі асабістай маёмасці няма падстаў, — адзначыў Сяргей Барысюк, каментуючы апублікаваныя ў чацвер на сайце ведамства метадычныя рэкамендацыі па вызначэнні прызначэння і кошту тавараў, якія перавозяцца фізасобамі. — Гэтыя рэкамендацыі нічога не мяняюць. Мы працавалі па гэтых рэкамендацыях з 2008 года (тады яны былі прынятыя і дзейнічалі ў межах нацыянальнага заканадаўства). У сувязі з прыняццем пагадненняў у межах Мытнага кодэкса гэтыя нормы ўвозу патрабавалі карэкціроўкі. Вось мы і нагадалі ім аб існаванні такіх нормаў, дачакаўшыся, калі скончыцца адпускны сезон і беларусы вернуцца на радзіму.

Намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта падкрэсліў таксама, што гэтыя нормы цалкам узгодненыя з заканадаўствам Мытнага саюза. І ён не бачыць у гэтым дакуменце глебы для злоўжыванняў сваімі паўнамоцтвамі супрацоўнікаў мытных органаў.

— У Мытным кодэксе ёсць артыкул, які вызначае, якімі метадамі кіруюцца супрацоўнікі мытных органаў пры вызначэнні прызначэння тавараў, якія ўвозяцца фізасобамі. Асноўны ўпор робіцца на грамадзян, якія перасякаюць мяжу рэгулярна. У тых грамадзян, якія перасякаюць мяжу пры здзяйсненні турыстычных ці дзелавых паездак, ніякіх праблем з увозам асабістай маёмасці ўзнікаць не павінна.

Надзея ДРЫЛА 17 верасня 2010
Звязда


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-0/67/1968
Текущая дата: 24.11.2024