Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка: Беларусь не будзе ўвязвацца ў бойку з Расіяй



Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 кастрычніка заявіў, што Беларусь не збіраецца ўвязвацца ў інфармацыйны канфлікт з Расіяй. "Нам ні ў якім выпадку не трэба ўвязвацца ў гэтую бойку. Няхай робяць заявы, няхай гавораць, што заўгодна. Навошта нам нагнятаць абстаноўку вакол гэтага? Трэба ім нагнятаць абстаноўку, патрэбны ім вораг чарговы - няхай нагнятаюць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, беларусы не падтрымаюць кіраўніцтва краіны, калі яно "ўвяжацца ў гэтую бойку". Акрамя таго, па словах прэзідэнта, гэта дрэнна паўплывае на імідж Беларусі ў вачах расійскага народа. "Навошта, каб рускія людзі падумалі пра нас дрэнна? Не трэба", - падкрэсліў беларускі лідар.

Замест інфармацыйнай вайны, па словах Аляксандра Лукашэнкі, неабходна займацца ўнутранымі справамі краіны, перадае БелТА. "У нас эканоміка, хутка з`езд, трэба падрыхтаваць праграму. Нават не выбары галоўнае. Галоўнае - краіна. А для краіны важна, якую мы праграму на пяцігодку прымем. Там кожны чалавек будзе сябе шукаць: дзе яго сям`я, дзе яго зарплата, дзе яго праца, дзе права на жыццё, дзе права на бяспеку, на спакой. Мы гэтым павінны займацца", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што "людзям неабходна тлумачыць сітуацыю, але самім ні ў якім разе не ўцягвацца ў гэтую каніцель". "На бруд брудам адказваюць толькі слабыя людзі. Мы не павінны гэтага рабіць", - падкрэсліў прэзідэнт.

Тэлеграф


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-1/17/2215
Текущая дата: 23.11.2024