Белорусский портал в Казахстане

На конкурс сумесных беларуска-казахстанскіх навукова-тэхнічных праектаў пададзены 111 заявак



З іх 76 паступілі па лініі Міністэрства адукацыі і навукі Казахстана, 35 — па лініі беларускага Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях, паведаміла прэс-служба ДКНТ.

Да 1 кастрычніка бакі ўзгадняць канчатковы пералік праектаў для іх далейшага фінансавання ў адпаведнасці з нацыянальнымі заканадаўствамі Беларусі і Казахстана.

На пасяджэнні беларуска-казахстанскай камісіі па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, якое прайшло 29 жніўня ў Гродне, старшыня ДКНТ Ігар Войтаў адзначыў актыўны ўдзел арганізацый Беларусі і Казахстана ў рэалізацыі міждзяржаўнай праграмы інавацыйнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД на перыяд да 2020 года. Так, з 11 пілотных міждзяржаўных інавацыйных праектаў у межах названай праграмы тры будуць рэалізаваны з удзелам беларускіх і казахстанскіх арганізацый.

Разам з тым, лічыць Войтаў, у мэтах развіцця эканомікі абедзвюх краін неабходна пашыраць сферы супрацоўніцтва за кошт рэалізацыі інавацыйных праектаў, трансферу перадавых тэхналогій, стварэння сумесных высокатэхналагічных вытворчасцяў.

"У якасці першачарговай тэматыкі супрацоўніцтва ў гэтым кірунку мы рэкамендуем разгледзець наступную тэматыку: горназдабыўное і горна-абагачальнае абсталяванне; святлодыёдная тэхніка; лазерная тэхніка; тэхналогіі ачысткі вады з выкарыстаннем мембран; інавацыйныя фарбы і тынкавальныя растворы для патрэбаў будаўніцтва; сканавальнае абсталяванне для патрэбаў медыцыны і бяспекі; сістэмы інфармацыі АСУ для чыгунак; новыя тэхналогіі ў галіне земляробства, захоўвання і перапрацоўкі сельгаспрадукцыі; комплексныя ўгнаенні; канструкцыі для траўматалогіі і артапедыі; лекавыя прэпараты", — цытуе Войтава прэс-служба ДКНТ.

Паводле вынікаў пасяджэння камісіі ў Гродне падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Беларускім інстытутам сістэмнага аналізу і інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхнічнай сферы і казахстанскім нацыянальным навукова-тэхналагічным холдынгам "Парасат".

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 1 верасня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-1/4/23091
Текущая дата: 26.12.2024