Белорусский портал в Казахстане

Амбасада Беларусі: Сюжэты на НТВ псуюць стасункі з Расеяй



У амбасадзе Беларусі ў Расеі назвалі выкрывальны сюжэт на тэлеканале НТВ «злачынным».

«Скандальныя сюжэты» супраць Аляксандра Лукашэнкі, якія прайшлі па расейскіх тэлеканалах, псуюць расейска-беларускія стасункі. Пра гэта ў эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» заявіў прэс-сакратар амбасады Беларусі ў Расеі Віталь Сліўка.

«Вылучаць блюзнерскія абвінавачванні ў адрас кіраўніка дзяржавы недапушчальна і злачынна. Гэта домыслы, якія не маюць пад сабой глебы, і набор каментароў, якія з кантэксту выкінулі», – сказаў Сліўка.

«Асабліва сумна, што яны (сюжэты) з`явіліся напярэдадні сустрэчы ў Астане, якая праходзіць сёння і на якой плануецца падпісанне шэрагу дакументаў, звязаных з мытным саюзам», – падкрэсліў прэс-сакратар.

«Я не думаю, што гэта будзе спрыяць умацаванню сяброўства і паразумення, і спадзяюся, што гэтыя сюжэты не з`яўляюцца афіцыйным выражэннем палітыкі расейскага кіраўніцтва», – дадаў ён.

Нагадаем, што ўчора расейскі тэлеканал НТВ распавёў праўду пра палітычныя знікненні і забойствы апазіцыянераў у Беларусі.

У праграме «Надзвычайнае здарэнне» на тэлеканале НТВ быў паказаны фільм «Хросны бацька», у якім было расказана пра загадкавую смерць віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Беларусі Генадзя Карпенкі, выкраданні і забойствы былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, віцэ-спікера Вярхоўнага Савета, былога кіраўніка Цэнтравыбаркаму Віктара Ганчара, журналіста Дзмітрыя Завадскага, бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага. У фільме прыводзяцца архіўныя інтэрв`ю з выкрадзенымі апазіцыянерамі і іх сваякамі, і наўпрост кажацца пра датычнасць беларускіх уладаў да знішчэння палітычных апанентаў.

5.07.2010
Хартыя`97

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-3/4/1302
Текущая дата: 23.11.2024