Белорусский портал в Казахстане

В`етнам збіраецца падпісаць пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з Мытным саюзам



Расія і В`етнам дамовіліся ў хуткім часе правесці перамовы і падпісаць пагадненне аб стварэнні зоны свабоднага гандлю паміж СРВ і краінамі Мытнага саюза.

Пра гэта, як перадае карэспандэнт РІА Новости з Ханоя, заявіў 7 лістапада прэм`ер-міністр В`етнама Нгуен Тан Зунг журналістам па выніках перамоў з прэм`ер-міністрам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым.

Паводле слоў в`етнамскага прэм`ера, бакі таксама дамовіліся актывізаваць працу па рэалізацыі стратэгічна важных праектаў, у тым ліку ў сферы здабычы нафты, атамнай энергетыкі і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва.

Паводле слоў прэм`ер-міністра Расіі, падчас перамоў бакі дасягнулі дамоўленасці аб актывізацыі эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, а таксама аб стварэнні зоны свабоднага прадпрымальніцтва. "Дасягнуты дамоўленасці  аб стварэнні адпаведнай зоны і развіцці адносінаў паміж Мытным саюзам і В`етнамам. Перамовы пачнуцца ў наступным годзе, і, спадзяюся, яны будуць эфектыўнымі", — сказаў Мядзведзеў.

Раней паведамлялася, што расійскі і в`етнамскі бакі ўжо пацвердзілі намер пачаць перамоўны працэс па пагадненні ў першым квартале 2013 года.

Мядзведзеў раней заяўляў, што выхад на новы фармат супрацоўніцтва ў межах Мытнага саюза — вельмі добрая ідэя і для В`етнама, які можа пашырыць рынак збыту сваіх тавараў, і для Расіі, якой гэта дазволіць павысіць узровень эканамічнага супрацоўніцтва. Аднак, паводле яго слоў, для гэтага павінна быць праведзена пэўная праца.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 7 лістапада 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-402/14/17445
Текущая дата: 23.11.2024