Белорусский портал в Казахстане

Сяргей Румас: Стварэнне двухузроўневай структуры ЕЭК дазволіць забяспечыць эвалюцыйны характар яе развіцця



28 лістапада дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ратыфікавалі дагавор аб стварэнні Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК).

Прадстаўляючы дагавор дэпутатам, віцэ-прэм`ер Сяргей Румас растлумачыў структуру гэтага наднацыянальнага органа кіравання інтэграцыйным будаўніцтвам Беларусі, Казахстана і Расіі.

ЕЭК будзе складацца з савета і калегіі. У савет увойдзе па адным віцэ-прэм`еры ад урада кожнай краіны, у склад калегіі — па тры прадстаўнікі кожнага боку. ЕЭК таксама мае паўнамоцтвы па стварэнні дэпартаментаў, якія будуць рыхтаваць рашэнні і займацца маніторынгам у падведамасных галінах, і кансультатыўных органаў.

У найбліжэйшыя чатыры гады калегію ЕЭК узначаліць міністр прамысловасці і гандлю РФ Віктар Хрыстэнка, чыя кандыдатура была ухвалена прэзідэнтамі краін Мытнага саюза. Офіс ЕЭК будзе знаходзіцца ў Маскве.

Як адзначыў Румас, стварэнне двухузроўневай структуры камісіі дазволіць забяспечыць эвалюцыйны характар развіцця гэтага органа. З аднаго боку, у камісіі захоўваецца дзейны фармат з трыма віцэ-прэм`ерамі, з іншага — з`яўляецца прафесійная калегія. "Тым самым будзе зроблены важны крок па фарміраванні прафесійнага кіруючага органа еўразійскага інтэграцыйнага ўтварэння", — падкрэсліў віцэ-прэм`ер.

Дагаворам ствараюцца неабходныя ўмовы для забеспячэння ўліку інтарэсаў Беларусі падчас прыняцця рашэнняў, паколькі прадугледжана магчымасць вынясення адчувальных пытанняў на больш высокі ўзровень ажно да вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. І рашэнні таксама прымаюцца кансенсусам. Пры гэтым набыццё моцы рашэнняў, што аспрэчваюцца, прыпыняецца.

Фінансаванне дзейнасці камісіі будзе ажыццяўляцца на аснове кансалідаванага бюджэту, што фарміруецца за кошт долевых узносаў бакоў, вызначаных прапарцыянальна нарматывам размеркавання сум увазных мытных пошлін для кожнага боку. У прыватнасці, доля Беларусі складае 4,7%.

БелаПАН
28 лістапада 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-402/20/10838
Текущая дата: 23.11.2024