Белорусский портал в Казахстане

Макей пракаментаваў меркаванне Лукашэнкі аб артыкуле Пуціна ў "Известиях"



Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей у праграме "Карціна свету" на тэлеканале "РТР-Беларусь" пракаментаваў меркаванне Аляксандра Лукашэнкі аб артыкуле прэм`ер-міністра Расіі Уладзіміра Пуціна ў "Известиях".

Макей адзначыў: "Канешне ж, размова не ідзе ні аб якім супрацьстаянні, як некаторыя спрабуюць гэта прадставіць, паміж дзвюма інтэграцыйнымі структурамі. Калі вы ўважліва чыталі артыкул прэзідэнта Беларусі, то там прагучала зусім новая формула: "інтэграцыя інтэграцый" (размова ідзе аб артыкуле Лукашэнкі ў газеце "Известия". — БелаПАН.).

"Паглядзіце, што адбываецца пасля развалу Савецкага Саюза, што мы бачым цяпер: адны крызісы. Нават краіны, якія здаваліся паспяховымі, такія як Іспанія, Партугалія, Італія, Грэцыя, знаходзяцца на парозе крызісу. Нават у Злучаных Штатах і Вялікабрытаніі — дэманстрацыі, якія жорстка душацца. У свеце практычна пануе закон джунгляў "кожны сам за сябе", а гэта значыць, што дзейнічае правіла моцнага, гэта значыць хто мацнейшы, той і мае рацыю і той будзе дыктаваць сваю волю. Адсюль і шэраг узброеных канфліктаў. Як у гэтай сітуацыі выжыць, захаваць краіну, прымножыць яе багацце, гэта ўжо пытанне. Таму прэзідэнт і заявіў аб тым, што выйсце бачна ў "інтэграцыі інтэграцый". Але павінны быць дакладнае супрацоўніцтва ўнутры інтэграцыйнай структуры і дакладная ўзаемасувязь, калі хочаце, узаемапранікненне паміж рознымі інтэграцыйнымі структурамі. Толькі такім чынам мы зможам забяспечыць стабільнасць і спакой у свеце", — упэўнены Макей.

"Калі мы хочам, каб Еўразійскі саюз быў паспяховым пачынаннем, то мы павінны зыходзіць з закладвання ў яго фундамент правільных прынцыпаў. Напрыклад, калі мы першапачаткова будзем закладваць нейкія голыя эканамічныя спрэчкі або прэтэнзіі наконт таго, чыя эканоміка больш магутная або які працэнт эканомікі адной краіны складае эканоміка іншай краіны, то тады на такой інтэграцыі можна паставіць крыж", — заявіў Макей.

"Як гаворыць наш прэзідэнт, "ісці трэба заўсёды ад жыцця". Бо акрамя голых эканамічных разлікаў, нашы эканомікі звязаны мільярдамі нітак. Калі ж мы будзем дзейнічаць па праву моцнага і ламаць, груба кажучы, праз калена слабых, то нічога з гэтага праекта не атрымаецца. Таму павінны быць выпрацаваны прынцыпы, калі ніводная дзяржава ў гэтым інтэграцыйным аб`яднанні не павінна адчуваць сябе ў чымсьці ўшчэмленым", — сказаў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі.

БелаПАН
Мінск, 23 кастрычніка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-402/21/10076
Текущая дата: 23.11.2024