Белорусский портал в Казахстане

Расея актывізуе пастаўкі ў Беларусь С-300



Расея актывізуе пастаўкі ў Беларусь дадатковых зэнітна-ракетных сыстэм С-300, паведаміў пад час візыту ў Менск міністар абароны Расеі Анатоль Сердзюкоў.

«У 2010 годзе мы завяршылі першы этап па рамонце і мадэрнізацыі беларускай зэнітна-ракетнай сыстэмы С-300. Дамовіліся актывізаваць працу па наступных пастаўках Беларусі гэтых ракетных сыстэм», — сказаў напярэдадні Сердзюкоў, перадае РІА «Новости».

Ён адзначыў, што паўночна-заходні паветраны кірунак зьяўляецца зонай адказнасьці адзінай рэгіянальнай расейска-беларускай сыстэмы проціпаветранай абароны.

«Мы ажыцьцяўляем умацаваньне гэтай сыстэмы», — адзначыў Сердзюкоў.

Кантракт на пастаўку С-300 у Беларусь быў падпісаны ў сярэдзіне верасьня 2005 году ў Менску. Колькі менавіта комплексаў Масква павінна была паставіць Беларусі, не ўдакладняецца.

«Заўвага пра тое, што гэта будуць дадатковыя пастаўкі, прымушае паспэкуляваць, а ці ня тыя гэта С-300, якія ў выніку са скандалам у мінулым годзе Масква адмовілася пастаўляць Ірану, чым, на думку экспэртаў, у пэўнай ступені падгуляла ЗША. Але зь іншага боку аналітыкі не выключаюць таго, што пастаўкі С-300 у Беларусь, у наша эўрапейскае падбрушша, варта лічыць пэўным сыгналам Захаду напярэдадні чэрвеньскіх перамоваў па стварэньні агульнаэўрапейскай ПРА», — адзначае партал «ПРАЙМ-ТАСС».

22 красавіка 2011
Радыё Свабода


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-402/27/6073
Текущая дата: 23.11.2024