Белорусский портал в Казахстане

Уладзімір Пуцін: Беларусь "абдурыла" Расію



Беларусь "абдурыла" Расію ў частцы паставак прадукцыі, заявіў прэм`ер-міністр РФ Уладзімір Пуцін падчас беларуска-расійскіх перамоў у Мінску 15 сакавіка.

"Расійскі экспарт у Беларусь летась вырас на 8%, а імпарт беларускіх тавараў у Расію — больш як на 46%", — растлумачыў ён, адзначыўшы, што ў частцы экспартна-імпартных паставак бакі будуць выходзіць на збалансаваныя паказчыкі.

Пуцін паведаміў, што падчас сённяшніх перамоў Расія і Беларусь плануюць падпісаць шэраг пагадненняў у энергетычнай сферы — у прыватнасці аб паралельнай працы энергасістэм.

Паводле слоў расійскага прэм`ера, у бакоў "шмат добрых інвестыцыйных праектаў". Адным з іх ён назваў аб`яднанне актываў МАЗа і КАМАЗа. "Стварэнне гэтага альянсу будзе спрыяць стварэнню канкурэнтаздольнай прадукцыі беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў, новых працоўных месцаў. Гэта прыкметны крок у межах інтэграцыйных працэсаў Беларусі і Расіі ў дачыненні да рэальнага сектара эканомікі", — сказаў Пуцін.

Ён лічыць, што краіны дасягнулі пэўнага прагрэсу ў стварэнні такіх інтэграцыйных структур, як Мытны саюз і Адзіная эканамічная прастора. "Мы на здзіўленне хутка і якасна правялі падрыхтоўку іх асноватворных элементаў", — адзначыў расійскі прэм`ер.

Усе гэтыя дамоўленасці, заявіў Пуцін, будуць спрыяць далейшаму ўмацаванню расійска-беларускіх адносін.

Прэм`ер-міністр Беларусі Міхась Мясніковіч падкрэсліў: сёння бакі даюць старт будаўніцтву АЭС, што забяспечыць "незалежнасць беларускай энергетычнай сістэмы". "Перакананы, што Беларусь і Расія змогуць выйсці на аналагічнае супрацоўніцтва ў газавай і нафтавай галіне", — сказаў прэм`ер.

БелаПАН

Мінск, 15 сакавіка 2011 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-402/29/5137
Текущая дата: 23.11.2024