Белорусский портал в Казахстане

З 1 студзеня Беларусь можа закупляць расійскую нафту і нафтапрадукты без выплаты пошлін



З 1 студзеня 2011 года Беларусь можа закупляць расійскія нафту і нафтапрадукты без выплаты пошлін. Гэта прадугледжана двухбаковым міжурадавым пагадненнем аб размеркаванні экспартных пошлін, падпісаным у Маскве 9 снежня мінулага года.

У абмен на бяспошлінныя пастаўкі нафты беларускі бок павінен пералічваць у бюджэт РФ увесь аб`ём экспартных пошлін на нафтапрадукты, якія вывозяцца з яе тэрыторыі за межы Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі. Экспартная пошліна на беларускую нафту ўласнай здабычы (а гэта прыкладна 1,7 млн. тон) будзе паступаць у бюджэт Беларусі. 

За межы дзеяння пагаднення выведзена нафта, якую Беларусь можа закупляць у Венесуэле і іншых трэціх краінах. Пошліны на нафтапрадукты з гэтай нафты таксама будуць паступаць у беларускі бюджэт. 

Такая схема будзе дзейнічаць на працягу трох гадоў да таго часу, пакуль Беларусь, Казахстан і Расія не выпрацуюць іншы механізм раздзелу вывазных мытных пошлін. 

Што тычыцца непасрэдна памеру экспартнай пошліны на нафтапрадукты, якую Беларусь будзе пералічваць у расійскі бюджэт у 2011 годзе, то для светлых нафтапрадуктаў стаўка складае 67% ад пошліны на нафту, для цёмных –– 46,7%. 

У адпаведнасці з пастановай урада РФ ад 27 снежня 2010 года новая формула разліку экспартных пошлін на нафтапрадукты пачне дзейнічаць з лютага. 

У 2012 годзе пошліна на светлыя нафтапрадукты складзе 64% ад нафтавай пошліны, на цёмныя –– 52,9%. З 2013 года павінна адбыцца выраўноўванне пошлін на светлыя і цёмныя нафтапрадукты — да 60% ад пошліны на нафту. 

Эксперт Таццяна Манёнак мяркуе, што расійскі бок будзе шукаць варыянты зніжэння эканамічнага эфекту для Беларусі ад новых умоў паставак нафты. "Новыя ўмовы, па сутнасці, азначаюць субсідаванне беларускай нафтаперапрацоўкі. Гэта не ўпісваецца ў логіку паводзін Расіі. Думаю, што расійскі бок будзе шукаць механізмы і варыянты, каб не субсідаваць нашу нафтаперапрацоўку", –– лічыць эксперт.

Мінск, 1 студзеня 2011
Андрэй Кажамякін, БелаПАН

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-402/32/3546
Текущая дата: 23.11.2024