Белорусский портал в Казахстане

Новыя мытныя правілы – людзей разварочваюць на мяжы



У апошнія некалькі дзён на беларуска-польскай мяжы ў Берасьці і Горадні зьніклі чэргі аўтамабілістаў на ўезд і выезд. Экспэрты лічаць гэта вынікам адмены дзяржаўным мытным камітэтам Беларусі лібэральнага рэжыму ўвозу фізычнымі асобамі тавараў з трэціх краінаў.

Новыя правілы, якія набылі сілу ў Беларусі ад 16-га верасьня, істотна абмяжоўваюць колькасьць тавараў, што правозяцца грамадзянамі празь мяжу.

Пра новую сытуацыю на беларуска-польскім памежжы інфармуюць рэгіянальныя карэспандэнты "Свабоды".

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

“Лепш нам ня стала, толькі горш — 100%”

Сёньня суразмоўцы нашага гарадзенскага карэспандэнта выказвалі сваю незадаволенасьць абмежаваньнямі на мытні. Людзі лічаць, што новы парадак увозу тавараў з-за мяжы фізычнымі асобамі значна пагоршыць іх матэрыяльнае становішча.

Паводле новых правілаў для асабістага карыстаньня на працягу месяца можна ўвозіць з-за мяжы ня болей трох найменьняў прадметаў працяглага карыстаньня, маецца на ўвазе цёплае адзеньне, абутак, запасныя часткі да транспартных сродкаў, будматэрыялы, а таксама пральныя парашкі, мыючыя сродкі і г.д.

Дапускаецца ўвоз для асабістага карыстаньня, але ўжо толькі адзін раз на год, такіх тавараў, як газавыя пліты, выцяжкі, кухонныя камбайны, мікрахвалёўкі, ванны, душавыя кабіны, пральныя і швейныя машыны, пэрсанальны кампутар і іншая бытавая і гаспадарчая тэхніка.

Але ўжо ў першыя дні многіх беларускіх грамадзян на мытні пачалі вяртаць назад у Польшчу. Справа ў тым, што значная колькасьць людзей на Гарадзеншчыне жывуць з таго, што практычна кожны дзень перавозяць больш танныя і якасныя тавары падобнага кшталту з Польшчы ў Беларусь, прадаюць іх і на гэтым зарабляюць.

Адзін з перавозчыкаў падобных тавараў кажа, што ад новых правілаў пацерпяць як тыя, хто вазіў, так і тыя, хто купляў.

Спадар: «Я купіў пральную машыну BOSCH за 930 злотых, і яшчэ на мяжы палякі мне вярнулі 167 злотых падатку на дабаўленую вартасьць, бо я вывез ад іх тавар. А ў нас такая машына каштуе два зь нечым мільёна, прычым, не эканомклясы, а расейскай зборкі. А ў мяне нямецкай зборкі. Вось і палічыце: 930-167 — і колькі гэта будзе…». (Адзін злоты прыраўноўваецца да 1000 рублёў).

Ужо сёньня на мяжы спадар распавядае, як беларускія мытнікі вяртаюць перавозчыкаў, якія рызыкнулі везьці тыя ці іншыя тавары звыш нормы.

Спадар: «Нават адну рэч не даюць везьці, адпраўляюць назад. Нават за парашок пральны — 5 кг дзяўчына везла, і адправілі назад! Што хочуць, тое і робяць!».

Другі спадар, які таксама сёньня пераяжджаў мяжу, удакладняе, за што беларускія мытнікі вяртаюць нашых перавозчыкаў назад з таварам у Польшчу.

Спадар: «Яны глядзяць, як часта езьдзіць чалавек за мяжу, а гэта адразу відаць па пашпарце. І калі бачаць, што ў машыне тавар з Кузьніцы такі, як і ў іншых машынах — адзін падход. А калі пабачаць, што ты проста на закупы езьдзіў, вось я сёньня маладую пару падвозіў, яны былі ў маркетах і куплялі для сябе — то гэта другі падыход, цябе не чапаюць».

Абодва спадары кажуць, што гэта падарве матэрыяльнае становішча іх і тысячы такіх самых людзей, як яны.

Спадар: «Лепш нам ня стала, а горш стала — 100%».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

На мяжы адсочваюць рэгулярных "чаўнакоў"

Берасьцейская мытня ўвяла адмысловы кантроль. Кожны, хто перасякае мяжу, правяраецца мытнікамі, якія глядзяць на колькасьць паездак за мяжу, аналізуюць нават склад сям`і.

У Берасьцейскай мытні тлумачаць, што нядаўна былі атрыманы новыя рэкамэндацыі зь Менску, паводле якіх трэба правяраць многія тавары і дадзеныя аб іх перавозчыках. Удакладняе супрацоўнік Берасьцейскай мытні:

"Гэта мэтадычныя рэкамэндацыі, якія прынятыя Дзяржаўным мытным камітэтам. Адсочваюцца людзі, якія перасякаюць мяжу нават па два разы на дзень. Яны ж вязуць тавар для таго, каб займацца камэрцыяй, прадаючы перавезенае ў Беларусі."


Новыя мэтадычныя рэкамэндацыі дзяржаўнага мытнага камітэту зьмешчаны на яго інтэрнэт-сайце. Экспэрты адзначаюць, што гэты ўнутраны дакумэнт беларускага кантрольнага ведамства супярэчыць дамоўленасьцям Мытнага саюзу Расеі, Казахстана і Беларусі. Аднак, берасьцейскія мытнікі трактуюць сытуацыю інакш:

"Справа ў тым, што паводле дамоўленасьцяў Мытнага зьвязу, адзначана, што перавоз тавараў усталёўваецца службовымі асобамі мытных органаў, сыходзячы з характару, колькасьці і частаты перасячэньня асобай мытнай мяжы. Паколькі не зусім зразумела, пры якой частаце што можна перавозіць, патрэбна гэтая рэкамэндацыя."


Жыхары Берасьця не пагаджаюцца з чыноўнікамі. Раз на 15 дзён, паводле правілаў, магчыма правезьці тры кіляграмы вырабаў хімічнай прамысловасьці і пяць кіляграм прадуктаў. І гэта пры ўмове, што чалавек не перасякае мяжу на працягу гэтых 15 дзён. У адваротным выпадку мытнікі маюць права не пусьціць чалавека з таварам на тэрыторыю Беларусі, або прымусіць плаціць штраф. Кажа Генадзь, жыхар Берасьця:

"Ну як гэта — падпісаны мытныя дамоўленасьці, але правілы дзейнічаюць зусім іншыя? Нельга нічога ўвозіць. Падавалася, што мы атрымалі магчымасьць выбару тавараў больш якасных і больш танных. А цяпер атрымліваецца, што нібы ў музэй прыяжджаем у польскія крамы."

Магчыма, кажа жыхар Берасьця Валер, што гэтыя меры маюць і палітычную афарбоўку:

"Не выключаю, што гэта перад выбарамі ўвялі такія абмежаваньні. Цяпер заціснулі, а пазьней, празь месяц адменяць гэта, каб народ трохі ўздыхнуў. Маўляў, паглядзіце, хто ў краіне гаспадар."

Л. Злотнікаў: "Дзяржава спрабуе эканоміць валюту "на семках"

Экспэрт "Свабоды", эканаміст Леанід Злотнікаў, кажа, што ўсяго двух месяцаў знаходжаньня ў Мытным саюзе хапіла для таго, каб дзяржаўны мытны камітэт Беларусі аб`явіў так званую вайну лібэральнаму рэжыму ўвозу фізычнымі асобамі тавараў з трэціх краінаў. Дадзены дакумэнт дазваляе цяпер вялікаму колу прадстаўнікоў мытні вызначаць лёс тавараў, якія ўвозіць у Беларусь фізычная асоба. Дзеля чаго гэта робіцца тлумачыць Леанід Злотнікаў:

"У Беларусі цяпер вельмі складаная эканамічная сытуацыя. Востра не хапае валюты для прамысловых прадпрыемстваў, каб набываць імпартныя камплектуючыя, энэргетычныя рэсурсы, абсталяваньне. Таму дзяржава спрабуе эканоміць валюту, у тым ліку, як у народзе кажуць, “на семках”. І калі краіна ўводзіць кантроль над такімі дробязямі, як увоз хатніх рэчаў, то, відаць, сытуацыя, сапраўды гаротная. Нават дадзеныя афіцыйнай статыстыкі сьведчаць, што сёлета паступленьні валюты з-за мяжы ў выглядзе інвэстыцый ці пазыкаў зьменшыліся ў параўнаньні з папярэднім годам. Таму і прыдумляюць усялякія спосабы, каб затрымаць валюту ў краіне. Адбіраюць у людзей магчымасьць выкарыстоўваць свае зьберажэньні на набыцьцё замежных тавараў".

20 верасня 2010
Радыё Свабода
Міхал Карневіч, Сяргей Ягораў

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-402/37/1990
Текущая дата: 23.11.2024