Белорусский портал в Казахстане

Заходнія СМІ шукаюць сэнс у газавай вайне



Расейскі газ ізноў бяжыць празь Беларусь, аднак канфлікт паміж няроўнымі суседзямі застаецца неўрэгуляваным, гаворыцца ў камэнтары нямецкай рэдакцыі Euronews.

Паводле італьянскага выданьня La Repubblica, цяпер Расея ў якасьці больш надзейнай краіны-транзытэра называе Ўкраіну. Як мяркуе аўтар артыкула, газавы канфлікт нанёс сур’ёзную шкоду дачыненьням паміж Масквой і Менскам.

«Застаецца, аднак, пытаньнем, у чым быў сэнс гэтага крызісу, які ўзьнік на жаданьне Масквы і быў ёю тэатральна разыграны. Ясна, што гэта быў сыгнал былому адданаму васалу Лукашэнку. Гэтыя чатыры дні напружанасьці выявілі нізкую надзейнасьць беларускай магістралі для трох эўрапейскіх кліентаў. І прапанова перанакіраваць газ па ўкраінскіх трубах, па якіх паліва трапляе ў Італію ды Францыю, можа стацца вельмі прывабнаю, найперш для Бэрліна і Варшавы», піша італьянскі журналіст.

Паводле аўтара артыкула, гэты дадатковы ўдар па іміджы Беларусі быў станоўча ўспрыняты на Захадзе, дзе беларускага кіраўніка нярэдка называюць «апошнім дыктатарам Эўропы» за грэблівае стаўленьне да дэмакратыі і таталітарны стыль кіраваньня. Што тычыцца Ўкраіны, то гэты беларуска-расейскі крызіс стаў цудоўнай рэклямай новага кіеўскага ўраду, адзначае La Repubblica.

25.06.2010
Радыё Свабода


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-402/38/1210
Текущая дата: 28.12.2024