Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка - Еўропе: «На Расію спадзявацца абсалютна нельга»



Аналітыкі ламаюць дзіды, хто перамог у газавай вайне. Ва ўсякім разе, на «Еўраньюс» дуэль з «Газпрамам» Лукашэнка выйграў адназначна.

Канал «Еўраньюс» паказаў увечары 25 чэрвеня ўстык дзве гутаркі - з газпрамаўскім споўксмэнам Купрыянавым і Лукашэнкам. На фоне анемічнага Купрыянава, што прамаўляў драўляныя фразы ў духу «спрэчкі гаспадарчых суб’ектаў», беларускі афіцыйны кіраўнік выглядаў згусткам эмоцый, і найперш - праведнага гневу.

Гэты быў той выпадак, калі дастаткова было назваць рэчы сваімі імёнамі.

«У іх вока гарыць на дзяржаўную ўласнасць у Беларусі», - патлумачыў Лукашэнка першую сапраўдную прычыну газавай атакі. Маўляў, «хочуць прыхапіць яе за бесцань».

Другая ж прычына - «ім не падабаецца тут Лукашэнка».

Ну і трэцяе - «асабістыя матывы, пра якія вы таксама добра ведаеце».

Увогуле атрымалася не столькі пра газ, колькі пра выбары.

«Усё абсалютна зразумела. Ідзе ціск напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. І наша апазіцыя, і яны [расійцы] мяркуюць, што Лукашэнка дзеля захавання ўлады перад выбарамі, каб Лукашэнку Крэмль падтрымаў і прызнаў, здасць усё», — патлумачыў ён карэспандэнту «Еўраньюс», якога па-свойску называў Аляксеем.

Пра абарону незалежнасці, імперскае мысленне Крамля ды жаданне ўтрымаць Беларусь у сферы свайго ўплыву гаспадар кабінета казаў у такіх выразах і так палымяна, нібы ягонымі вуснамі прамаўляў сам Зянон Пазняк.

Сутнасць крамлёўскага падыходу да Беларусі была сфармулявана пяццю інфінітывамі запар: «Узяць, скруціць, нахіліць, прыціснуць, задушыць».

Усё было горача і пераканаўча. Еўропа ўбачыла змагара-незалежніка.

Заадно ён падкрэсліў, што еўрапейцам варта болей інтэнсіўна шукаць альтэрнатыўныя шляхі пастаўкі вуглевадароднай сыравіны: «На Расію спадзявацца абсалютна нельга».

Аднак Еўропа не пачула ні слова пра тое, чаму з гэнакай брыдкай, невылечнай, драпежнай імперыяй мудрае кіраўніцтва сінявокай рэспублікі 15 гадоў гуляе ў «раўнапраўную інтэграцыю». І не выключана, што яшчэ глыбей засуне суверэнітэт у імперскую пашчу, падпісаўшы пасля выбрыкаў Мытны звяз.

Аляксандр Класкоўскі   Наша Ніва  25 чэрвеня 2010



Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-402/38/1223
Текущая дата: 28.12.2024