Белорусский портал в Казахстане

Мытны саюз - Эўразьвяз



Мытны саюз “тройкі” не перашкодзіць далучэньню да СГА.

Як падала справаздача агенцтва “Ройтэрз”, найвышэйшая прадстаўніца Эўразьвязу Кэтрын Эштан заявіла 16 чэрвеня на пасяджэньні Эўрапарлямэнту ў Страсбуры, што Мытны зьвяз Беларусі, Расеі і Казахстану шкодзіць міжнароднаму гандлю і такім чынам можа перашкодзіць далучэньню гэтых краінаў да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі (СГА). Аналітыкі былі зьдзіўленыя такой заявай. Радыё Свабода зьвярнулася па тлумачэньні ў структуры Эўразьвязу.

Ангела Філётэ, прэсавая сакратарка эўракамісара Штэфана Фюле, адказнага за пашырэньне ЭЗ, патлумачыла нашаму Радыё:

Ангела Філётэ: Насамрэч, з прамовы Кэтрын Эштан вынікае не зусім тое. Вось дакладная цытата.

"Далучэньне да СГА адпавядае агульнай стратэгіі ўвядзеньня працэсаў у прававыя рамкі. ЭЗ падтрымлівае чым найранейшае ўступленьне Расеі, і мы спадзяемся, што праца ў гэтым накірунку можа быць у хуткім часе завершаная.

Але ж палітычныя абяцаньні павінны адлюстроўвацца на практыцы. Рэалізацыя Мытнага саюзу Расеі, Казахстану і Беларусі выклікала пэўныя асьцярогі. У нас няма праблемаў з мытнымі саюзамі ў прынцыпе – Эўразьвяз таксама мытны саюз. Але мы заклапочаныя тады, калі гэтыя структуры абмяжоўваюць гандаль, а не спрыяюць яму, як гэта выглядае ў выпадку Мытнага саюзу паміж Расеяй, Беларусьсю і Казахстанам".

Свабода: А якім чынам Мытны саюз "тройкі" абмяжоўвае гандаль?

Ангела Філётэ: Мытны саюз Расея-Казахстан-Беларусь быў зрэалізаваны такім чынам, што былі ўведзеныя вышэйшыя тарыфы. У выніку Эўразьвяз паўстае перад горшымі ўмовамі. Мы хочам, каб гэтыя пратэкцыянісцкія захады былі прыбраныя, у адпаведнасьці з тымі абавязальніцтвамі, што Расея ўзяла на сябе, да прыкладу, у рамках групы G-20.

Свабода: І гэты пратэкцыянізм можа перашкодзіць уступленьню ў СГА?

Ангела Філётэ: У прынцыпе – не, бо Мытны саюз і СГА не зьяўляюцца рэчамі ўзаемавыключальнымі. Але практычная рэалізацыя саюзу павысіла перашкоды да гандлю ў Расеі, і гэта адкінула Расею на некалькі крокаў назад адносна ўзроўню лібэралізацыі, што патрэбна для далучэньня да СГА.

Радыё Свабода   18.06.2010      Стась Івашкевіч


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-402/39/1073
Текущая дата: 27.12.2024