Белорусский портал в Казахстане

Працяг газавай вайны. Рэтраспекцыя дня



"Яшчэ раз папярэджваю ўрад: неаплата «Газпромам «у поўным аб’ёме паслугаў у бліжэйшыя суткі павінна прывесьці да прыпыненьня ўсялякіх паслугаў для Расійскай Фэдэрацыі па транспартаваньні вуглевадароднай сыравіны — нафты і газу», — заявіў Лукашэнка на паседжаньні ўраду.

Аляксандар Лукашэнка:
«У вас ёсьць магчымасьць дамаўляцца, але тэрмін вам — двое сутак. Я учора гэта сказаў прэм’еру і віцэ-прэм’еру», — адзначыў Лукашэнка.

16.30 Лукашэнка абвясьціў транзытны ўльтыматум

«Зразумела, што бакі павінны былі садзіцца за стол перамоваў. І прадметна размаўляць пра памер транзытнай стаўкі. І тады гэтыя б пытаньні неяк у наступным рэгуляваліся б. Што будзе пасьля заявы Лукашэнкі — гэта іншае пытаньне», -- мяркуюць у прэс-службе "Газпрому".

16.00 Падзеньне капіталізацыі "Газпрому" ад канфлікту зь Беларусьсю – спэкуляцыі"

Такое меркаваньне выказаў у інтэрвію Радыё Свабода Віталь Крукаў, аналітык нафтагазавага сэктару з расейскага Інвэстыцыйнага фінансавага дому "КапиталЪ".

15.50 Газпром просіць Украіну пампаваць больш газу ў Эўропу

15.00 Статкевіч: «Прадказальны крок Лукашэнкі»

Мікола Статкевіч
«Стала відавочным, што Расея ня будзе фінансаваць прэзыдэнцкую кампанію Аляксандра Лукашэнкі, як яна зрабіла гэта ў 2006 годзе, замарозіўшы цэны на газ. Зразумела, што цэны на энэрганосьбіты будуць расьці і дасягнуць абяцанага заробку ў 500 даляраў ня ўдасца.

Гледзячы на гэта, можна зрабіць выснову, што беларускі рэжым ужо прадаў на год наперад танную расейскую нафту: 6.3 млн. тон, якіх нам хапіла б, каб езьдзіць па такіх жа коштах, як у Расеі, ужо перапрацаваныя і прададзеныя на Захад.

Усе спадзяваньні на танныя кошты на расейскую нафту ляснуліся, і цяпер застаецца падвышаць кошты на бэнзін да эўрапейскага ўзроўню. Альбо адмовіцца ад акцызаў на продаж бэнзіну ці значна іх зьменшыць.

У такіх варунках сп.Лукашэнка спрабуе, па-першае, апошні раз націснуць; па-другое, спрабуе апэляваць да Захаду — маўляў, ратуйце нашу незалежнасьць ад імпэрскіх амбіцый. Па-трэцяе, гэта можа быць помста за прыніжэньне, паказанае па расейскім тэлебачаньні, як ён кавалак хлеба ў Пуціна прасіў.

Урэшце рэшт, магчыма, ужо шукаюцца нагоды, каб бараніць тэрмінова незалежнасьць і правесьці пад гэтым сьцягам прэзыдэнцкія выбары як мага хутчэй, пакуль яшчэ эканоміка трымаецца».

14.40 Лябедзька: «Гэта бойка для Лукашэнкі непрадказальная »

Анатоль Лябедзька
«Лукашэнка рэалістычна ацэньвае стан расейска-беларускіх адносін і разумее, што на гэтым усё не заканчваецца. Сёньня газавая — заўтра будуць іншыя войны. Няма пэрспэктываў.

Таму Лукашэнка, ведаючы, што гэты этап супрацьстаяньня ён прайграў, спрабуе перахапіць ініцыятыву і атрымаць нейкія дывідэнды, хаця б і палітычныя.

Яго задача цяпер — гэта прыцягнуць увагу эўрапейскай супольнасьці да сытуацыі і максымальна „прапіярыць“ сябе, што праблема ня ў ім, а ў Расеі. Можа, стварыць такую антырасейскую газавую кааліцыю.

Паглядзім. Я ня думаю, што Лукашэнка зараз здольны перахапіць ініцыятыву, што ён здольны выйграць гэтае супрацьстаяньне. Наперадзе прэзыдэнцкая кампанія. Думаю, што Лукашэнка ўцягваецца ў бойку, якая для яго непрадказальная».

14.00 БРСМ зьбірае грошы, адзеньне і харчы для «Газпрому»

Актывісты праўладнага Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі праводзяць у Менску акцыю па зборы «гуманітарнай дапамогі «Газпрому».

«Мы вырашылі выйсьці ў цэнтар Менску і сабраць гуманітарную дапамогу для „Газпрому“, каб ён мог разьлічыцца зь Беларусьсю за транзыт газу», — заявіў Інтэрфаксу першы сакратар ЦК БРСМ Ігар Бузоўскі.

«Пасля таго як зьбярэм грошы, адзеньне, прадукты, якія ўжо пачалі прыносіць менчукі, адправім гэта ўсё бандэрольлю ў Маскву, у «Газпром», — дадаў Бузоўскі.

13.55 «Газпром» кажа, што прынцыпова дамовіўся зь Беларусьсю пра дадатак да кантракту на транзыт газу на 2010 год.

«Паводле ўмоваў кантракту, які дзейнічае на пастаўку і транзыт газу ад 31 сьнежня 2006 году, „Газпром“ Беларусі нічога ня вінен. А наконт дадатку да кантракту на 2010 год мы зь беларускімі калегамі ўжо прынцыпова дамовіліся і разьлічваем падпісаць яго ў бліжэйшы час », - заявіў Сяргей Купрыянаў.

Купрыянаў удакладніў, што дадатак тычыцца павышэньня стаўкі за транзыт расейскага газу па тэрыторыі Беларусі ў 2010 годзе і выкананьня ўмоваў пратаколу пра стварэньне сумеснага прадпрыемства ў частцы ўсталяваньня ўзгодненай аптовай надбаўкі на газ, які прадаецца «Белтрансгазам» на мясцовым рынку.

13.30
«Газпром» заяўляе, што нічога ня вінен Беларусі

«Газпром» паводле ўмоваў дзейнага кантракту Беларусі нічога ня вінен - так пракамэнтаваў журналістам афіцыйны прадстаўнік кампаніі Сяргей Купрыянаў заяву прэзыдэнта Беларусі.

***
Чарговы газавы канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй доўжыцца ад 21 чэрвеня.

Беларусь пагасіла свой доўг за пастаўлены газ — 187 мільёнаў даляраў. Расея выплаціла за транзыт газу 228 мільёнаў даляраў. Афіцыйны Менск патрабуе 260 мільёнаў.

25.06.2010
Радыё Свабода

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-402/39/1204
Текущая дата: 27.12.2024