Белорусский портал в Казахстане

Беларускія кампаніі падрыхтавалі экспартны партфель для Карэі



Падпісанне дагавора аб стварэнні зоны свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і Рэспублікай Карэя чакаецца ў 2019 годзе.

Пра гэта падчас беларуска-карэйскага бізнес-форуму, які прайшоў у Мінску, заявіў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч.

Паводле яго слоў, Беларусь можа паспрыяць карэйскім партнёрам у больш хуткім выхадзе на еўразійскі рынак. У сваю чаргу беларускаму бізнесу цікавы вопыт Паўднёвай Карэі ў арганізацыі экспарту высокатэхналагічнай прадукцыі.

Як адзначыў падчас мерапрыемства Уладзімір Улаховіч, у Сеуле ўжо завяршыўся раўнд перагавораў па стварэнні зоны свабоднага гандлю.

«Чакаем, што на працягу двух гадоў, гэта значыць у наступным годзе, можна выйсці на падпісанне гэтага пагаднення», — сказаў Уладзімір Улаховіч.

У ходзе бізнес-форуму прадстаўнікі БелГПП сустрэліся з удзельнікамі Карэйскай асацыяцыі імпарцёраў KOІMA — найбуйнейшым аб`яднаннем прадпрыемстваў-імпарцёраў, дыстрыб`ютараў і прадстаўнікоў замежных вытворцаў на рынку Карэі.

У працэсе сустрэчы таксамі абмеркавалі магчымасць паставак у Карэю хімічнай прадукцыі, сістэм бяспекі, запчастак да аўтамабільнай тэхнікі, прамысловага абсталявання, прадуктаў харчавання, адзення. Бакі разгледзелі перспектывы пашырэння кантактаў паміж беларускімі экспарцёрамі і карэйскімі імпарцёрамі, узаемадзеянне ў навукова-тэхнічнай сферы.

Аўтар: Ілья Крыжэвіч
Звязда, 22 траўня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-408/2/43470
Текущая дата: 23.11.2024