Беларускія бровары спадзяюцца захаваць якасьць піва, нягледзячы на новы тэхнічны рэглямэнт «Аб бясьпецы алькагольнай прадукцыі», прыняты радай Эўразійскага эканамічнага саюзу.
Што дазваляе новы тэхрэглямэнт ЭАЭС
1. Ён дазваляе замяняць 50% соладу нясоладавымі прадуктамі — зернем ячменю, пшаніцы, рысу, кукурузай, ягадамі ці садавіной.
Раней у Расеі дазвалялася замяняць ня больш за 20%. А дзе было менш за 80% соладу, тое лічылася ня півам, а піўнымі напоямі.
2. Да таго ж, колькасьць цукразьмяшчальных прадуктаў дазваляецца павялічваць з 2% да 5%.
Новыя патрабаваньні стануць абавязковымі для ўсіх краін-сяброў ЭАЭС. На пераходны пэрыяд даюцца два гады.
У Беларусі запрацуе і ўласны тэхрэглямэнт
З 1 студзеня 2019 году ў Беларусі пачынае дзейнічаць лякальны тэхнічны нарматыўны акт СТБ 395-2017 «Піва. Агульныя тэхнічныя ўмовы».
Паводле парталу pivo.by, гэты дакумэнт ня ўносіць нейкіх рэвалюцыйных зьменаў. Беларускае піва будзе падзяляцца па колеру і спосабу апрацоўкі, яно можа быць сьветлым альбо цёмным. У залежнасьці ад спосабу апрацоўкі яно мае сем катэгорый.
Сярод новых тэрмінаў — «пшанічнае піва» (ня менш за 50% пшанічнага соладу). У «спэцыяльным» будзе ня менш за 80% уласна піва, астатняе — пладовая ці расьлінная сыравіна, цукразьмяшчальныя прадукты, натуральныя араматызатары ці харчовыя дабаўкі. Таксама павялічаны тэрміны прыдатнасьці піва.
«Аліварыя»: абавязковым будзе беларускі тэхрэглямэнт
У піваварнай кампаніі «Аліварыя» сказалі, што абавязковым для беларускіх вытворцаў піва будзе лякальны тэхнічны рэглямэнт.
«Дадзены стандарт як у старой, так і ў новай рэдакцыі не рэглямэнтуе працэнтнага ўтрыманьня піваварнай сыравіны пры вытворчасьці піва. Прыняцьце новага тэхрэглямэнту ЭАЭС ніяк не паўплывае на якасьць піва „Аліварыі“», — сказала галоўны півавар «Аліварыі» Натальля Арлова.
«Крыніца»: «Знаходзім кампраміс паміж патрабаваньнямі расейскага і беларускага заканадаўства»
Ці адаб’ецца новы тэхнічны рэглямэнт Эўразійскага эканамічнага саюзу на якасьці прадукцыі піваварнай кампаніі «Крыніца»? На гэтыя пытаньні карэспандэнта Свабоды адказаў генэральны дырэктар Аляксандар Кіжук.
— Ніяк не адаб’ецца. Мы кладзем соладу 80%, таму для нас нічога не мяняецца. Што да цукру, то рэглямэнт крыху абмяжоўвае адносна некаторых крафтавых гатункаў, якія цяпер у трэндзе. Але тэхналягічна ўсе гэтыя пытаньні выраўноўваюцца. Таму на якасьць гэта не паўплывае, спажывец не заўважыць. То бок усе півавары ў нас як працавалі, так і будуць працаваць у ранейшым рэжыме. Толькі крыху скарэктуюць тэхналягічныя працэсы.
— То бок гэты тэхрэглямэнт не абавязковы для Беларусі?
— Ён абавязковы, але цяпер будзе пераходны пэрыяд.
— А колькі тады павінна быць ячменнага соладу?
— Больш за 50%. Калі будзе меней, то гэта стане ўжо піўны напой. Але мы працуем з 80%, таму для нас гэта не прынцыпова. Мы ў сябе нічога мяняць ня будзем. Мы стараемся, каб большасьць нашых гатункаў ня мела больш за 3–4 складнікі. Як кажуць, вада, солад, хмель і сумленьне півавара.
— А ці адаб’ецца гэты тэхрэглямэнт на пастаўках беларускага піва ў Расею?
— Не. Мы ў любым выпадку, ствараючы новыя гатункі, абапіраліся на заканадаўства Расейскай Фэдэрацыі, бо ў нас 30% экспарту ў агульным аб’ёме вытворчасьці. Таму ўлічваем патрабаваньні заканадаўства Расеі і Беларусі і спрабуем знаходзіць пры стварэньні новых гатункаў нейкае кампраміснае рашэньне. Па сваім складзе соладу, вады і іншага мы вытрымліваем патрабаваньні Расеі.
— Калі расейскія бровары пяройдуць на гэты тэхрэглямэнт, іх піва можа стаць таньнейшым. Ці будзе гэта ўплываць на канкурэнцыю зь беларускім півам?
— Мы і так заўсёды ў канкурэнцыі. Яны і так не дарагія, таму гэта мы ўжо цяпер адчуваем. Тут сынэргія двух складнікаў — якасьці і сабекошту прадукту. Таму ня думаю, што ўсе пабягуць істотна зьмяншаць колькасьць соладу, каб зрабіць прадукцыю таньнейшай.
— Ёсьць беларускі дакумэнт СТБ 395-2017 «Піва. Агульныя тэхнічныя ўмовы». Ён будзе дзейнічаць з 1 студзеня наступнага году. Ці ўлічвае ён прыняты новы эўразійскі тэхрэглямэнт?
— Ён не ідзе ўразрэз. Хоць ёсьць некаторыя дэталі. Над тэхрэглямэнтам працавалі ўжо некалькі гадоў з удзелам усіх бровараў, саюзаў. Проста гэты дакумэнт пачне рэгуляваць, бо раней гэта нідзе не было прапісана. Цяпер будуць стандарты. Магчыма, нехта толькі 20% соладу клаў. І такая прадукцыя ўжо з новага году будзе называцца піўным напоем, а ня півам. Таму ў любым выпадку зьявіцца дакумэнт, які будзе рэгуляваць усе тэхналягічныя працэсы ў вытворчасьці піва і дакладна вызначаць, што да якой катэгорыі будзе адносіцца.
«Лідзкае піва»: «Будзе складаней канкураваць з замежнымі гатункамі»
«Лідзкае піва» мае ў сваім асартымэнце гатункі, якія тыповыя і папулярныя для розных краін — сьветлыя лягеры, портэры і іншыя.
«Для нашага піва характэрныя ўсе тыя ж тэхналёгіі, якія маюць эўрапейскія бровары. Пры гэтым мы прытрымліваемся дзейных стандартаў харчовай бясьпекі», — сказала мэнэджэр па карпаратыўных камунікацыях кампаніях Надзея Мікалаева.
Традыцыйна аснову лідзкага піва складаюць 4 інгрэдыенты — хмель, солад, вада і дрожджы. У крафтавыя гатункі яшчэ дадаюцца экстракты ці сокі садавіны і гародніны, спэцыі.
«Зьмены, зьвязаныя з уводам тэхрэглямэнту, робяць больш жорсткімі патрабаваньні да складу піва, уводзяць новыя сумежныя катэгорыі піўной прадукцыі — „спэцыяльнае піва“, „піўны напой“. Гэта паўплывае на назвы, якія будуць выкарыстоўвацца на этыкетках».
Але ці могуць новыя стандарты сапсаваць піва або, наадварот, яго палепшыць?
«Палажэньні з тэхрэглямэнту робяць больш жорсткімі патрабаваньні да складу піва для беларускіх бровараў. Раней піва ў нашай краіне выраблялася па беларускім стандарце СТБ 395, які дакладна не рэглямэнтуе ў складзе колькасьць такіх інгрэдыентаў, як солад, несалоджаныя зернепрадукты (ячмень, рыс, кукуруза і гэтак далей), цукар і цукразьмяшчальныя прадукты.
Многія клясычныя, усясьветныя гатункі піва маюць у складзе несалоджаную сыравіну, цукар і цукразьмяшчальныя прадукты. Выкарыстаньне гэтых інгрэдыентаў надае піву пэўныя асаблівасьці, больш згладжаны і лёгкі смак. Тэхрэглямэнт жа прапаноўвае абмежаваць утрыманьне цукру і цукразьмяшчальных прадуктаў у піве да 5%.
Гэта азначае, што вырабляць глыбаказброджаныя гатункі піва (для якіх высокая колькасьць цукраў — неабходная ўмова) па найбольш эфэктыўнай тэхналёгіі ня ўдасца. Піваварам давядзецца прымяняць тэхналягічныя дапаможныя сродкі», — сказала Надзея Мікалаева.
У кампаніі «Лідзкае піва» лічаць, што беларускія бровары будуць у роўных умовах з расейскімі.
«Аднак канкураваць з гатункамі, якія вырабляюцца ў іншых краінах, будзе складаней. З улікам рэглямэнту гатункі піва, якія маюць у складзе садавінавую ды іншую расьлінную сыравіну (гародніна, сокі, экстракты і г.д.), трапяць у шэраг піўных напояў, хоць цяпер на ўсясьветным рынку існуе вялікая колькасьць гатункаў піва, вырабленых з выкарыстаньнем гэтых інгрэдыентаў, і яны ўжо даўно сталі клясыкай піваварства — напрыклад, гарбузовае піва, у якім выкарыстоўваюць сок гарбуза або сам гарбуз. Ёсьць піва агурковае, вішнёвае.
Такім чынам, аналягічныя імпартныя гатункі будуць пазыцыянавацца як традыцыйнае піва, у той час як наша прадукцыя будзе лічыцца піўным напоем», — патлумачыла Надзея Мікалаева.
Алесь Дашчынскі
Радыё Свабода, 11 сьнежня 2018, 19:40
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-408/2/45953
Текущая дата: 26.12.2024