Белорусский портал в Казахстане

Іван Калядка: "Бульбу літаральна "выграбаюць" перакупшчыкі з Расіі, але без "другога хлеба" мы не застанемся"



Чаму ў Мінску занятыя не ўсе пляцоўкі для гандлю сельгаспрадукцыяй і такія розныя цэны ўвогуле на "харчовы сімвал" беларусаў сёлета?

Цана бульбы ў розніцу ў мінулую пятніцу на сталічным Камароўскім рынку складала ў большасці гандляроў 2 тысячы рублёў за кілаграм. Месцамі сустракаліся цэннікі з лічбамі 1,8-1,9 тысячы, і зусім у адзінкавых выпадках — 1,7 тысячы за кілаграм. Прычым, гаворка ішла менавіта пра розніцу, на момант наведвання рынку ніводны прадавец не прапаноўваў дробнага опту з дастаўкай, ды і сама колькасць гандляроў не падалася вельмі вялікай.

На "Заходнім" рынку ў мікрараёне "другі хлеб" прыкладна за тыдзень-два "падрос" з 1,5-1,7 да 1,7-1,9 тысяч рублёў. У будныя дні бульбу прапаноўвалі недзе з паўтузіна прадаўцоў, у выхадныя — каля дзясятка, з іх дробным оптам з дастаўкай — ад двух-трох у будныя, да чатырох-пяці — у суботу і нядзелю. Але ж ёсць яшчэ пляцоўкі, выдзеленыя ў кожным раёне для сезонных кірмашоў па продажы сельскагаспадарчай прадукцыі. Па-першае, іх колькасць сёлета, як паведамлялася, была павялічаная; па-другое, на іх дазволілі гандляваць (пры наяўнасці даведкі адносна вырашчанага ўраджаю) нават прыватнікам. Як паказала практыка іх наведвання пасля працы на мінулым тыдні, пазначаная ў спісе такая пляцоўка ў нашым мікрараёне пуставала. Заставаліся выхадныя...

У гэтую суботу на пляцоўцы сіратліва стаяў адзін мікрааўтобус. Бульбы ў ім (без дастаўкі) заставаўся мізэр — сеткі паўтары. Але не спакушалі ні знешні выгляд (нават пра гатунак пытаць не хацелася) бульбы, ні яе кошт (замест перакрэсленай лічбы 1,6 тысячы было наноў пазначана 1 530 рублёў). Больш (калі не лічыць крамаў, дзе кошт "другога хлеба" складаў каля 1,5 тысячы за кілаграм) прапаноў паблізу не назіралася. На кірмашах у цэнтры горада бульбу прапаноўвалі па 1,2 тысячы рублёў з бясплатнай дастаўкай, але ехаць туды было нязручна. Заставаўся зноў "Заходні".

Мінімальна заўважаны кошт на бульбу ў мінулую суботу там быў 1,5 тысячы за кілаграм. Але толькі калі гаворка вялася пра дробны опт — недзе ад дзвюх сетак (60-70 кілаграмаў). У розніцу ў гэтых жа гандляроў бульба "ляжала" ўжо па 1,7-1,8 тысячы. Але і гэта яшчэ не ўсё. Напрыклад, жанчына са Слуцкага раёна, што стаяла за прылаўкам, абяцала: заказ выканаем толькі ў панядзелак. Маўляў, што прывезлі, усё распрадалі. Гэтак жа, толькі на заўтра, гатоў быў прыняць замову і ляснік з запаветных мясцінаў каля возера Свір — па 1,5 тысячы оптам. Сам вельмі нахвальваў і "другі хлеб", і родныя мясціны, але сёння ўжо нічым не мог дапамагчы па той жа прычыне, што і папярэдняя гандлярка: нічога не засталося.

Па 1,7 тысячы, але ў суботу да вечара, гатоў быў прывезці бульбу чалавек з Уздзенскага раёна. Дарэчы, на гатунак на той момант мы ўжо практычна перасталі звяртаць увагу: аказалася нерэальным, каб і ён, і момант дастаўкі, і цана, і патрэбная фасоўка супалі, і бульба добра прасушанай была. Паабяцаць паабяцаў, і нават у вызначаны час патэлефанаваў — каб папрасіць прабачэння і перанесці дастаўку на заўтра. Сказаў, што заказаў шмат — не паспявае фасаваць і развозіць.

Прывёз бульбу наступнай раніцай, але даць нейкую зніжку — у якасці маральнай кампенсацыі за іншы час дастаўкі (на заўтра маглі адразу ў іншага замовіць) — адмовіўся. Патлумачыў, што цяпер развозіць замовы, прынятыя яшчэ ўчора, — па 1,7 тысячы за кілаграм, а з сённяшняга цана на бульбу ў яго ўжо 1,8 тысячы...

Разгаварыліся, коратка прадавец распавёў пра сябе. Мае два гектары зямлі, бульба сёлета быццам урадзіла, прычым, не толькі ў яго. На вышэйназваныя пляцоўкі ў сталіцу людзі не вязуць "другі хлеб" таму, што яго на "корані" скупліваюць перакупшчыкі з Расіі — фурамі па 1,3 тысячы рублёў за кілаграм. Каб не гэта, выказаў сваё меркаванне чалавек, кошт бульбы зараз складаў бы 900—1 000 рублёў. А так і надалей яна будзе расці, паведаў напрыканцы, нагадаўшы, што нумар тэлефона ў нас застаўся. Маўляў, калі што...

Некалькі тыдняў таму бралі на кірмашы бульбу для маці ў Чэрвеньскім раёне — па 1,2 тысячы за кілаграм. Фермер з вёскі непадалёку прывёз на мікрааўтобусе пад самую браму. На тых жа кірмашах даволі актыўна "затарваліся" і шматлікія мінчане-дачнікі. Калега з суседняга Смалявіцкага раёна казала, што сёлета бульба, на шчасце, таксама парасла добрая. Прадавалі яны яе — самавывазам — па 1 тысячы рублёў. Дык пакупнікі "насамі круцілі", перабіралі... А іх суседзі, удакладніла, і ўвогуле па 800 рублёў нарыхтоўшчыкам прапаноўвалі.

Чаму такая розніца ў цэнах на бульбу? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да намесніка дырэктара па навуцы РУП "Навукова-практычны цэнтр НАН Беларуі па бульбаводстве і плодаагародніцтве" Івана Калядкі.

Калядка: — Калі гаварыць пра цэны на рынках, можна толькі адно заўважыць: рынак ёсць рынак. Рэкамендаваная ж сёлета цана, у тым ліку і для разлікаў з расіянамі, — гэта 1 300-1 350 рублёў плюс ПДВ. Рознічная цана ў такім выпадку выходзіць каля 1,5 тысячы рублёў за кілаграм — тое, што мы бачым у крамах. Думаю, яна застанецца стабільнай і надалей.

Звязда: — Ці праўда, што сёлета такія актыўныя расіяне ў набыцці нашай бульбы? Настолькі, што многім і весці няма нічога на продаж у сталіцу, напрыклад, бо ўсё на месцы распрадаюць?

К:— Праўда, бульбу літаральна "выграбаюць" пасрэднікі. У іх сёлета праблемы з-за спякотнага лета. Зрэшты, яны сустракаюцца і ў нас, у прыватнасці, у Гомельскай, па поўдні Магілёўскай абласцей: бульба набрала суму станоўчых тэмператур, не было перыяду пакою, і яна пачынала прарастаць у зямлі... Цэны ў Расіі зараз некалькі ўпалі, гэта звычайная з`ява для восені, бліжэй да маразоў яны пойдуць уверх.

З: — Ці шмат мы сёлета прадалі "другога хлеба" за мяжу? Безумоўна, ніхто не сумняваецца, што з бульбай мы будзем абавязкова. Але ці будзе яна толькі ў крамах ці таксама на рынках ад прыватнікаў?

К: — Па краіне ў стабілізацыйныя фонды на міжсезонны перыяд закладзена 165 тысяч тон бульбы, так што без "другога хлеба" не будзем дакладна. Думаю, і прыватнікі зараз прадалі не ўсе. А калі колькі слоў пра экспарт... За апошнія пяць гадоў сярэднегадавы паказчык экспарту складаў 40 тысяч тон. Напрыклад, летась ён склаў 26 тысяч тон, а ў гэтым — перавысіў 250 тысяч тон...

Сяргей Расолька
Звязда
26 кастрычніка 2010

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-408/4/2457
Текущая дата: 23.11.2024