Белорусский портал в Казахстане

Беларускія стандарты якасці харчавання арыентаваныя на заходні рынак і памякчацца ў сувязі з уваходжаннем краіны ў Мытны саюз не будуць



Пра гэта паведаміў журналістам дырэктар Навукова-практычнага цэнтра па харчаванні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Зянон Лоўкіс у Прэс-цэнтры Дома прэсы. Айчынная сістэма кантролю якасці прадуктаў харчавання і сыравіны ўключае ў сябе чатыры складнікі: распрацоўка стандартаў, выпрабаванне, сертыфікацыя і дэгустацыя.

Задае тон у сістэме Нацыянальны тэхнічны камітэт па стандартызацыі, які распрацоўвае дзяржаўныя стандарты на ўсю харчовую прадукцыю ў Беларусі.

— Нам гэтыя функцыі перададзеныя Дзяржстандартам, — патлумачыў Зянон лоўкіс. — Для гэтых мэт у нас створана 8 падкамітэтаў па асобных галінах: кандытарская, лікёра-гарэлачная, плодаагароднінная, агароднінасушыльная, тытунёвая, хлебапякарная і інш. У кожным складзе падкамітэтаў працуюць дасведчаныя спецыялісты, прыцягваюцца тэхнолагі. Распрацаваныя стандарты мы ўвесь час гарманізуем.

У сувязі з распрацоўкай пэўных рэгламентаў у рамках Еўрасаюза беларускія стандарты больш жорсткія, чым у іншых краінах СНД, яны арыентаваныя на заходні рынак і адпавядаюць міжнародным нормам. "У сувязі з уваходжаннем Беларусі ў Мытны саюз гэтыя стандарты ў бок памякчэння пераглядацца не будуць", — з гонарам заўважыў кіраўнік НПЦ па харчаванні НАН Беларусі.

Другі элемент сістэмы — Рэспубліканскі кантрольна-выпрабавальны комплекс па якасці і бяспецы прадуктаў харчавання. Ён уключае шэраг лабараторый мікрабіялогіі, радыяцыйнага кантролю, хімічных і фізічных метадаў даследавання, даследавання геннамадыфікаваных аб`ектаў і інш. Праз гэты комплекс праходзіць уся новая прадукцыя, якая ствараецца на айчынных прадпрыемствах, і ўся прадукцыя, якая імпартуецца ў Беларусь. За апошні год аб`ём работы лабараторый комплексу вырас амаль удвая.

За апошнія тры гады комплексам было распрацавана 36 новых стандартаў на метады выпрабаванняў харчовых прадуктаў і зацверджана 20 новых методык. Напрыклад, для вінаматэрыялаў распрацавана методыка вызначэння цукраў, арганічных кіслот, сінтэтычных фарбавальнікаў, араматызатараў. Яшчэ 4 гады таму ў краіне існавала праблема з вызначэннем якасці каньячнай прадукцыі, цяпер беларускія лабараторыі вызначаюць наяўнасць у каньяках ваніліну, дубільных злучэнняў, аптычную шчыльнасць, агульны і прыведзены экстракт. Беларускія спецыялісты таксама па ўласнай методыцы выяўляюць наяўнасць вітамінаў і бялку ў піваварным ячмені.

— Да 2006 года практычна 60 працэнтаў сокавай прадукцыі на беларускім рынку было фальсіфікавана, — нагадаў Зянон Лоўкіс. — Таму нам, па даручэнні ўрада, давялося ўсур`ёз узяцца за гэту праблему. Мы распрацавалі 7 стандартаў, 24 методыкі на вызначэнне асобных складнікаў сокавай прадукцыі, і пасля таго, як укаранілі ўсё гэта ў сістэму нашай працы, колькасць фальсіфікату паступова стала скарачацца. Сёння фальшывага соку на беларускім рынку не больш за 3 працэнты.

Яшчэ адной часткай сістэмы кантролю якасці прадуктаў харчавання ў Беларусі з`яўляецца орган па сертыфікацыі харчовай і парфумерна-касметычнай прадукцыі. Орган выдае сертыфікаты на айчынныя і імпартныя тавары, аказвае метадычную дапамогу прадпрыемствам у распрацоўцы і ўкараненні міжнародных стандартаў ІSО серыі 2000, дае кансультацыі і ацэнку тэхнічнай кампетэнцыі заводскіх лабараторый.

Нарэшце, у краіне створана сетка галіновых Цэнтральных дэгустацыйных камісій — самая, напэўна, зразумелая і цікавая для абывацеля частка сістэмы кантролю якасці прадуктаў харчавання. Сутнасць работы такіх камісій — калектыўная ацэнка арганалептычных характарыстык беларускіх і замежных прадуктаў з выкарыстаннем сенсорнага аналізу. У камісію ўваходзяць спецыялісты дзяржстандарту, падатковых органаў і тэхнолагі, яна працуе пастаянна, праводзіць дэгустацыю па меры накаплення новых прадуктаў і дае ацэнку па 10-бальнай сістэме.

Далёка не ўсе новыя прадукты могуць быць рэкамендаваныя ЦДК для вытворчасці: каля 30 працэнтаў вяртаецца на дапрацоўку для паляпшэння колеру, паху, смаку і іншых якасцяў.

Сёння супрацоўнікі Навукова-практычнага цэнтра па харчаванні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі разам з расійскімі калегамі працуюць над дзвюма новымі праграмамі. Першая датычыцца перапрацоўкі харчовых адходаў. Напрыклад, з малочнай сыроваткі, якая змяшчае шмат бялку і вітамінаў, можна вырабляць лёгкія соусы і карыснае дзіцячае харчаванне. Чакаецца, што ўжо да канца гэтага года малочныя прадпрыемствы будуць пераабсталяваныя так, каб ніводнага літра сыроваткі на прападала.

Тое ж тычыцца і выкарыстання спіртавай брагі, з цвёрдых рэшткаў якой можна вырабляць харчовыя дабаўкі, кармы для жывёл, а з вадкіх — біягаз. Праграма ўключае таксама перапрацоўку адходаў бульбяной і мясной вытворчасці.

Другая сумесная з Расійскай Федэрацыяй праграма прадугледжвае стварэнне функцыянальных прадуктаў харчавання. Маюцца на ўвазе прадукты для дзяцей, цяжарных жанчын, людзей сталага ўзросту, людзей з тымі або іншымі захворваннямі.

— Праграма ўхваленая і цяпер вырашаюцца тэхнічныя пытанні, — сказаў дырэктар НПЦ харчавання. — З нашага боку няма ніякіх перашкод, Расія вызначаецца з заказчыкам.

Што тычыцца сучасных тэндэнцый на сусветным рынку харчовых прадуктаў, то Зянон Лоўкіс заўважыў, што кансерваваная гародніна саступае свае пазіцыі свежай і замарожанай, беларускія цвёрдыя сыры і гарэлка высока цэняцца за сваю якасць, а па колькасці натуральных складнікаў нашы прадукты пакуль застаюцца на вяршыні рэйтынгу.

Вольга Мядзведзева
Звязда
11 сакавіка 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-408/4/5018
Текущая дата: 26.12.2024