Белорусский портал в Казахстане

У БДУ будуць рыхтаваць менеджараў масавых мерапрыемстваў



Дзве новыя спецыяльнасці "Менеджмент масавых падзейных мерапрыемстваў” і “Медыякамунікацыі” адкрыюцца ў магістратуры БДУ. Падрыхтоўку магістраў па гэтых адукацыйных праграмах у Беларусі распачнуць упершыню.

Па спецыяльнасці "Менеджмент масавых падзейных мерапрыемстваў”  навучанне будзе праходзіць на факультэце міжнародных адносін. Яе адкрыццё абумоўлена ростам патрэбы ў кваліфікаваных спецыялістах па арганізацыі міжнародных масавых мерапрыемстваў. Асабліва актуальнай праблема стала ў апошнія гады ў сувязі з пашырэннем пераліку спартыўных спаборніцтваў рознага маштабу, якія праводзяцца ў Беларусі. Да слова, у нашай краіне штогод арганізуецца больш за 70 спаборніцтваў міжнароднага ўзроўню.

Падрыхтоўка прафесіяналаў па дадзеным профілі дазволіць палепшыць якасць спартыўнай і турысцкай інфраструктуры, пашырыць міжнароднае супрацоўніцтва і павялічыць рост экспарту паслуг.

Пасля заканчэння магістратуры выпускнікам будзе прысуджацца ступень -- магістр кіравання. Сярод арганізацый, зацікаўленых у дадзеных спецыялістах,  Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі, Міністэрства спорту і турызму,  Нацыянальнае агенцтва па турызме, Белінтэрэкспа, турысцкія фірмы і івэнт-агенцтвы, Нацыянальны акадэмічны вялікі тэатр оперы і балета і іншыя.

Навучальны план спецыяльнасці “Медыякамунікацыі” прадугледжвае рэалізацыю двух магістарскіх праграм. Рыхтаваць па магістарскай праграме “Карпаратыўныя стратэгічныя камунікацыі” будуць на факультэце журналістыкі, а па праграме “Медыядаследаванні і сацыяльная аналітыка”  -- на факультэце філасофіі і сацыяльных навук БДУ.

Выпускнікі гэтай спецыяльнасці атрымаюць сучасныя кампетэнцыі арганізацыйна-кіраўніцкай, аналітычнай і экспертнай дзейнасці ў медыясферы, а таксама змогуць выбудоўваць эфектыўную камунікацыю з зацікаўленай аўдыторыяй. Патрэба ў такіх супрацоўніках павялічылася ў апошнія гады ў сувязі з усведамленнем   важнасці дзейнасці любой арганізацыі з улікам грамадскай думкі, пастаяннага і эфектыўнага ўзаемадзеяння са спажыўцамі, органамі дзяржаўнага кіравання, партнёрамі, грамадзянскай супольнасцю і г.д.

Паступіць на дадзеную магістарскую праграму можа выпускнік спецыяльнасцей “Камунікацыя”, “Педагогіка. Прафесійная адукацыя”,” Гуманітарныя навукі “, “Кіраванне”,”Эканоміка і інавацыйнае развіццё вытворчасці”. Пасля заканчэння магістратуры будзе прысуджацца ступень магістра камунікацыі.

Зараз у агістратуры БДУ навучаецца больш за 1300 чалавек па 88 спецыяльнасцях. На трох спецыяльнасцях "Бізнес-адміністрыраванне”, “Гісторыя міжнародных адносін і знешняй палітыкі”, “Кіраванне ў рэальным сектары эканомікі” навучанне вядзецца на англійскай мове.

Прыём дакументаў на ўсе спецыяльнасці магістратуры БДУ будзе ажыццяўляцца з 27 чэрвеня па 5 ліпеня. Прыём дакументаў у Інстытут бізнесу БДУ распачаўся 1 чэрвеня.

Надзея Нікалаева
Звязда, 5 чэрвеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/1/43676
Текущая дата: 28.03.2024