Белорусский портал в Казахстане

XI Рэспубліканскі калядны фестываль педагагічнага майстэрства пройдзе з 27 па 30 снежня



Калядны фестываль — гэта сапраўдны феерверк педагагічных ідэй. Ініцыятыва яго правядзення належыць Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і Беларускаму педагагічнаму таварыству.

Штогод у прадметных секцыях фэсту бяруць удзел дзясяткі педагагічных работнікаў. У гэтым годзе ўпершыню для намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце, настаўнікаў, якія выконваюць функцыі класных кіраўнікоў, педагогаў-арганізатараў, спецыялістаў сацыяльна педагагічнай і псіхалагічнай службы арганізуецца секцыя выхавання.

У рамках работы секцый будзе прадстаўлены эфектыўны педагагічны досвед беларускіх педагогаў праз майстар-класы, урокі для дарослых, практыкумы, педагагічныя студыі, інтэрактыўныя перамены, віртуальныя падарожжы і іншыя формы.

Спікерамі фестывалю выступяць лепшыя педагогі краіны: члены рэспубліканскіх творчых груп, клуба «Хрустальны журавель», настаўнікі кваліфікацыйнай катэгорыі «настаўнік-метадыст».

Другі год мерапрыемства будзе праходзіць у анлайн-фармаце. Інфармацыйнае суправаджэнне будзе ажыццяўляцца на сайце акадэміі.

Надзея Нікалаева
Звязда, 22 снежня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/1/62463
Текущая дата: 06.05.2024